Працоўная міграцыя ў Польшчу і Літву павялічылася


Беларусы часцей выязджаюць працаваць на Захад, чым у Расею. Перадусім працоўная міграцыя павялічалася ў суседнія Польшчу і Літву. Там чакаюць прадстаўнікоў абсалютна розных прафесіяў: афіцыянтаў, менеждэраў, лекараў ды выкладчыкаў.

Сёлета ў Польшчы доўга і масава страйкавалі настаўнікі, якія ў пераліку на рублі ў сярэднім зарабляюць Br 2100. Беларускі настаўнік атрымлівае роўна ўтрая менш, таму праца ў Польшчы для яго прывабная. Гэтак і з іншымі прафесіямі.

«Я тут працую фітнес-інструктарам і мяркую, што там мая прафесія таксама была б запатрабаваная».

«Я працую на заводзе Хімвалакно – гэта адзін з найбольш рэнтабельных заводаў Беларусі, і ведаю, што за мяжою ёсць канкурэнцыя і праца запатрабаваная».

«Калі мову ведаеш, безумоўна», – кажуць жыхары Горадні.

Польскі рынак для блізкіх і лёгка навучальных мове ўсходніх славянаў у Польшчы шырока адкрыўся ў апошнія гады. Найвялікшая хваля мігрантаў – грамадзяне Украіны. Шматлікія з іх аднак пакідаюць працу разам з заканчэннем паўгадовага побыту, які ім дазваляе «бязвіз».

Пётр Палюткевіч, Звяз прадпрымальнікаў і працадаўцаў Польшчы:

«Шмат беларусаў, якія вырашаюць прыехаць на працу ў Польшчу, маюць карту паляка. Наяўнасць гэтага дакументу кажа працадаўцы пра валоданне польскаю моваю. І другое, згодна з менталітэтам, калі беларусы вырашаюцца прыехаць, то гэта часцей ужо не на адзін год».

З Расейскага на Заходні кірунак беларусы пачалі пераарыентоўвацца ў 2017-ым. Сёлета ж у першай палове года Польшча і Літва афіцыйна ўладкавалі амаль столькі беларусаў, як летась за год: 527 і 410 адпаведна. Гэта крыху больш, чым прывабіла Расея (932) – паказвае статыстыка Дэпартаменту грамадзянства і міграцыі МУС Польшчы.

Аляксандр Ярашук, Беларускі кангрэс незалежных прафсаюзаў:

«У Расеі сёння таксама не слабыя эканамічныя праблемы. Там упалі заробкі, знізіліся істотна, а Польшчу нават падчас крызісу апошніх гадоў можна аднесці да больш паспяховых у развіцці краінаў не толькі Усходняе Еўропы, але Еўразвязу».

Паўсотні зарэгістраваных у Беларусі кампаніяў займаюцца найманнем супрацоўнікаў для польскіх працадаўцаў ці кампаніяў-пасярэднікаў. Чакаюць тут не толькі працаўнікоў галіны абслугоўвання і будаўнікоў…

«Усё больш чуем пра тое, што патрабуюцца працаўнікі на больш складаныя месцы, спецыялізаваныя. Калі на польскім рынку працы назіраем недабор спецыялістаў, працадаўцы адкрываюць вакансіі для працаўнікоў з-за ўсходняе мяжы», – гаворыць Пётр Палюткевіч, Звяз прадпрымальнікаў і працадаўцаў Польшчы.

На айчынным рынку працы – недахоп вакансіяў, сціплыя заробкі ды эксклюзіўны для краінаў Еўропы ціск на часова беспрацоўных. Гэтак званы дэкрэт аб дармаедах змушае беспрацоўных плаціць за іхны статус. За мяжу едуць людзі і з гэтай катэгорыі.

«Гэта зараз нам ужо адгукаецца, але яшчэ больш адгукнецца наперадзе, бо мы губляем напэўна найлепшы свой кадравы патэнцыял, найбольш здольных, таленавітых і прасунутых людзей», – дадае Аляксандр Ярашук, Беларускі кангрэс незалежных прафсаюзаў.

Паводле разлікаў польскага боку, гэты працэс сёлета можа паскорыцца нават у 10 разоў.

Юлія Цяльпук, belsat.eu