Праціўнікі ядравай энергетыкі заклікалі ўлады Беларусі згарнуць будаўніцтва АЭС у Астраўцы


Нагодаю сталася восьмая гадавіна аварыі на японскай АЭС Фукусіма. Сярод жа галоўных альтэрнатыў актывісты-эколагі называюць чыстыя крыніцы энергіі, якія стаяць у аснове энергетычнай эвалюцыі ва ўсім свеце.

Асновы энергетычнай, а значыць, эканамічнай і палітычнай незалежнасці Рэспублікі Беларусь – не атамная энергетыка, а альтэрнатыўныя крыніцы, цвердзяць грамадскія актывісты. Але ці пойдзе Беларусь па гэтым шляху?

Атамная электрастанцыя як гарант энергетычнай бяспекі ў вачах дзяржавы – эканамічна стратная і экалагічна небяспечная тэхналогія з гледжання міжнародных энергетычных працэсаў. Такія заявы гучалі з вуснаў адмыслоўцаў падчас абмеркавання новых энергетычных шляхоў свету.

«Станцыя будуецца, таму што рашэнне пра яе будаўніцтва прымалася дастаткова даўно, і эксперты, якія раілі яе будаваць, на мой погляд, кіраваліся не сучаснымі лічбамі. І па-другое, гэта было хутчэй за ўсё лабісцкае рашэнне «Росатому», – мяркуе Павал Гарбуноў, сябра беларускай партыі Зялёныя».

У выніку, кажуць эколагі, цяпер спыніць будоўлю АЭС больш эканамічна мэтазгодна, чым распачаць яе працу. І такія прыклады ў свеце ёсць. А альтэрнатывай атамнай энергетыцы ёсць тыя ж аднаўляльныя крыніцы энергіі – сонца, вецер ці вада. Гэтымі крыніцамі цяпер карыстаецца ўвесь цывілізаваны свет.

«Магутнасцяў беларускіх хапае – у нас прафіцыт. І нават з улікам таго, што патрэба ў электраэнергіі будзе расці, дадаючы аднаўляльныя крыніцы энергіі, мы можам з газавай генерацыяй паволі пераходзіць на аднаўляльную энергію», – перакананая сябра экалагічнай арганізацыі «Экадом» Ірына Сухій.

Энергетычная бяспека любой краіны – гэта таксама адзін з гарантаў яе незалежнасці. Таму развіццё ўсяго энергетычнага комплексу – у тым ліку танных і эфектыўных прыродных крыніцаў – мусіць стацца клопатам дзяржаўнага ўзроўню, адзначаюць актывісты грамадскага сектару.

«Беларусь – еўрапейская краіна. І паводле сонечнай генерацыі, мы на ўзроўні той ж Нямеччыны. Або па ветры – што ў Беларусі, што ў Нямеччыне – яны аднолькавыя. Таму, калі мы захочам у гэтым кірунку ісці, то нам нішто не перашкодзіць», – заяўляе сябра беларускай партыі «Зялёныя» Зміцер Кучук.

Гэткім чынам, усе магчымасці ісці па шляху зялёнай энергетыкі ў Беларусі ёсць. Засталося займець для гэтага толькі палітычную волю.

Галіна Абакунчык, belsat.eu