Праціўнікі акумулятарнага заводу ў Берасці атрымалі прэмію


Міжнародны дзень правоў чалавека: аранжавы абутак і прэмія для праціўнікаў будовы акумулятарнага заводу ў Берасці. Роўныя правы, незалежна ад паходжання, колеру скуры, поглядаў, веры ды сексуальнай арыентацыі. Сёння ў свеце адзначаюць Дзень правоў чалавека, заснаваны Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыяў. Якія падзеі ў гэты дзень адбыліся ў Беларусі?

Дзясяткі параў жаночага абутку аранжавага колеру ў самым цэнтры Менску. Такім чынам ініцыятыва «Маршыруй, дзетка!» нагадала пра ахвяраў хатняга гвалту. За першае паўгоддзе ў Беларусі з гэтай прычыны загінулі прынамсі 55 асобаў.

«Мы ведаем дакладна, што гэта на 8 чалавек больш, чымся за гэты ж перыяд мінулага года, то бок колькасць ахвяраў павялічваецца. І мы гэтай акцыяй хацелі паказаць, што так быць не павінна, і што гэта магло б не здарыцца, калі б у нашай краіне быў комплексны закон супраць хатняга гвалту», – распавядае каардынатарка ініцыятывы «Маршыруй, дзетка!» Святлана Гатальская.

«Кожны чалавек мае права на жыццё, свабоду і на асабістую недатыкальнасць» – гаворыцца ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, якую Генеральная Асамблея ААН прыняла 71 год таму. Людзі ж не заўсёды ўсведамляюць, што іхныя правы парушаюцца.

«Правы чалавека ў нас не парушаюцца ніякіх».

«Сяк-так бясплатная медыцына, у школе дзеці вучацца бясплатна».

«Права на жыццё – у першую чаргу гэта смяротнае пакаранне, права на мірныя сходы – калі я выйду і стану з белым аркушыкам, то мяне, найхутчэй, адразу «прымуць».

«Я вывучыў усе правы чалавека: у нас не выконваецца ніводнае, я праверыў усё – перасячэнне мяжы, свабода перамяшчэння, усё што заўгодна», – кажуць жыхары Магілёва.

У Міжнародны дзень правоў чалавека ў Менску адбылося ўручэнне нацыянальнай прэміі за дасягненні ў гэтай галіне. У намінацыі «Журналіст года», лаўрэаткай стала Ганна Соўсь. У намінацыі «Праваабаронца года» прэмію атрымаў Леанід Судаленка. А найлепшаю праваабарончай ініцыятываю года прызналі кампанію супраць будоўлі акумулятарнага заводу ў Берасці.

«Больш як 41 тысяча чалавек падпісаліся пад петыцыяй супраць будовы акумулятарнага заводу. Я лічу, што гэта ўзнагарода для тых берасцейцаў, хто неабыякавы і ў рознай ступені ўдзельнічае ў гэтай грамадскай кампаніі», – падкрэсліў Раман Кісляк, адзін з праціўнікаў будовы заводу.

Праваабаронцы адзначаюць: не зважаючы на некаторыя перамогі ў праваабарончай галіне, цягам мінулага года сістэмных зрухаў у бок паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі не адбылося.

«Па нашых падліках каля 250 адміністратыўных справаў было за ўдзел актывістаў у грамадскіх акцыях, пікетах, дэманстрацыях і некалькі дзясяткаў адміністратыўных справаў, якія датычылі распаўсюду інфармацыі журналістаў і блогераў», – адзначыў праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Выбары ў парламент былі непразрыстыя, палітвязень Міхаіл Жамчужны ў зняволенні зазнае ціск, нагадвае праваабаронца. А ў лістападзе ў моц уступіў чарговы смяротны прысуд. Менавіта праз смяротнае пакаранне Беларусь да сёння не рэпрэзентаваная ў Радзе Еўропы.

«У Беларусі не функцыянуе сталая мадэль маніторынгу выканання правоў чалавека, няма ўпаўнаважанага ў грамадзянскіх правах паводле еўрапейскага ўзору. Стаўленне да апазіцыі, стаўленне да меншасцяў, стаўленне да няпоўнагадовых, якіх затрымалі з невялікаю колькасцю лёгкіх наркотыкаў, ды іншыя пытанні звязаныя з тым, як улады Беларусі ўвогуле падыходзяць да канцэпцыі правоў чалавека», – пералічвае кіраўнік дэлегацыі для сувязяў з Беларуссю Еўрапарламенту Робэрт Бедрань.

Падыход уладаў бачны, напрыклад, па паўгадзіннай акцыі на плошчы Якуба Коласа. Падчас здымкаў аранжавага абутку нашага аператара затрымлівалі. А гэта азначае, што працы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі яшчэ шмат.

Ірына Дарафейчук belsat.eu