Працаваў – адказвай! Новыя крыміналкі супраць журналістаў


Стаяла побач з пікетоўцамі, здымаў пад час несанкцыянаванай акцыі, згадаў у артыкуле тое што не трэба… – гэта фармулёўкі, паводле якіх затрымліваюць журналістаў… а потым прыцягваюць да адказнасці.

У СІЗА КДБ утрымліваюць журналістку Кацярыну Барысевіч, якая пісала пра смерць Рамана Бандарэнкі. А ў Жодзіна перавозяць журналістку Кацярыну Андрэеву, якую забралі пад час стрыму для нашага тэлеканалу. Ад сёння Каця – фігурантка крымінальнай справы.

20 лістапада арыштавалі на 2 месяцы журналістку Кацярыну Андрэеву. Абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Вінаватасці Кацярына не прызнае і адмаўляецца даваць паказанні.

Ігар Ільяш, журналіст, муж арыштаванай:

«Яшчэ да гэтага затрымання і завядзення крымінальнай справы мы з Кацярынаю не раз размаўлялі на гэты конт, разумелі ў якіх умовах мы працуем. Разумелі, што цяпер адбываецца дзяржаўны тэрор і што раней ці пазней гэта можа скончыцца вось так – крымінальнаю справаю».

Кацярыну забралі ў нядзелю 14 лістапада, калі яна вяла стрым для «Белсату». У той жа дзень пад варту ўзялі нашую журналістку Дар’ю Чульцову, далейшы лёс якой пакуль не вызначаны.

У сувязі са збіццём 11-га лістапада, якое прывяло да гібелі абаронцы менскага двара Рамана Бандарэнкі, затрыманых пакуль няма. Але за кратамі медык, які абверг словы следства пра тое, што Раман быў пʼяны, і журналістка Кацярына Барысевіч, якая здабыла факты.

Марына Золатава, галоўная рэдактарка парталу TUT.by:

«Мы паказалі, што Раман не быў пʼяным у той момант і гэта вельмі важна. Няма ніякіх прэтэнзіяў да нас з боку сямʼі».

Але ёсць – у Генеральнай пракуратуры, якая хацела даваць грамадству толькі ўласныя ацэнкі прычынаў смерці.

Там заявілі, што «лекар уступіў у злачынную змову» з журналістам, і выдаў недакладную інфармацыю. Медык Больніцы хуткай дапамогі – падазраваны паводле ч. 1 арт. 178 – распаўсюд службовай таямніцы.

Генеральная пракуратура Беларусі: «Дзеянні названых асобаў пацягнулі за сабой цяжкія наступствы, якія праявіліся ў росце напружанасці ў грамадстве, стварэнні атмасферы недаверу да кампетэнтных дзяржаўных органаў, падахвочванні грамадзянаў да агрэсіі і супрацьпраўных дзеянняў».

Пратэсты выбухнулі ў адказ на чарговы гвалт і паведамленне пра нецвярозасць Рамана. Загінулых і скалечаных раней удзельнікаў пратэстаў сілавікі таксама называлі асобамі пад кайфам.

Беларусы скандавалі «Не забудзем! Не прабачым!», а краіны Захаду саспелі на эканамічныя санкцыі супраць прадпрыемстваў рэжыму.

Пасля заканчэння адной з акцыяў на «Плошчы перамен» затрымалі яшчэ адну журналістку ТУТ.бай Юлію Альгерчык. У пратаколе, які суддзя сёння накіравала на дапрацоўку, было напісана, што «удзельнічала ў пікеце»:

«Гэтую справу па сутнасці мусілі закрыць, бо доказаў таго, што я пікетавала, няма. Добра, што мне трапілася відэа, якое я прылажыла да справы. Будзем чакаць, Спадзяемся, што пратакол з РУУС не вернецца», – выказала спадзеў журналістка.

Адміністратыўныя, а ў апошнія тыдні і крымінальныя справы супраць журналістаў – спробы ціску на прафесіяналаў, якія не падпарадкоўваюцца дзяржаве, інфармуючы грамадства.

«Відавочна што ўлада абсалютна мэтанакіравана пераследуе медыі. Магчыма ў вачах высокіх чыноўнікаў склалася карцінка, што з-за журналістаў, з-за працы медыяў беларусы выходзяць на пратэсты», – дзівіцца з логікі сілавікоў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Ягоны калега Максім Хлябец – кіраўнік БАЖ у Берасці, уласна адбыў 15 содняў за стрым і выйшаў на волю. А вінавацілі ва ўзначаленні калоны пратэстоўцаў.

«Як нам потым сказалі – мы перашкаджаем працы міліцыі і нейкія ў іх праблемы з-за нас. Дзіўна, бо міліцыянты часам карыстаюцца і фоткамі, і відэа, і матэрыяламі, якія мы робім», – сказаў Максім «Белсату».

Частка гэтых матэрыялаў трапляе ў штодзённы агляд медыяў, які збіраюць для Лукашэнкі.«Мы рот нікому не закрываем, але кажыце праўду! Сказаў няпраўду – адказвай», – дае ўстаноўку той.

 

Юлія Цяльпук, «Белсат»