Аб'ектыў 24.06.2019 Працаўнікі заводу «Аэрамаш» не атрымліваюць заробкаў пасля перамогі ў судзе


Праца ёсць, а заробкаў няма. І нават тое, што зарабілі паўгода таму, працаўнікі прадпрыемства «Аэрамаш», размешчанага ў Мачулішчах пад Менскам, атрымаць не могуць да сёння.

Выйгралі суды з працадаўцам, але заробкаў так і не атрымалі. 67 былых працаўнікоў заводу «Аэрамаш» чакаюць сваіх грошай.

«Мне вінныя на сённяшні дзень амаль 17 тысячаў», – кажа Сяргей Чабатар, былы працаўнік прадпрыемства.

Прадпрыемства «Аэрамаш», што займаецца выпускам авіятрэнажораў, яшчэ год таму налічвала каля 200 працаўнікоў. Але напрыканцы мінулага года пасля некалькіх затрыманняў заробкаў людзі пачалі масава звальняцца.

«Калі звальняўся, казалі, што вось-вось разлічацца, я звольніўся па-добраму, перапісаў заяву. Звальняўся па 41-м артыкуле, але перапісаў па ўласным жаданні, бо паверыў людзям», – распавядае Андрэй Наркевіч, былы працаўнік «Аэрамашу».

У падобнай сітуацыі апынуліся і іншыя былыя працаўнікі. Пасля некалькіх месяцаў абяцанняў ад кіраўніцтва кампаніі ды безвыніковага чакання людзі пачалі звяртацца ў суд.

Жанета Коба, былая працаўніца «Аэрамашу»:

«Размаўляла з намеснікам, мне проста сказалі, што я магу скарыстацца сваім правам вырашыць пытанне ў судовым парадку, і папрасілі не вычварацца, а запатрабаваць тую суму, што мне вінныя, без налічэння сумы за пратэрмінаваныя дні».

Судовыя працэсы працаўнікі выйгралі, але грошай так і не атрымалі, бо рашэнні суда не выконваюцца:

«Гэтае прадпрыемства працуе, ніякага банкруцтва не было, плацяць падаткі, плацяць за электраэнергію, працуе транспарт, возяць людзей, бо яно знаходзіцца ў Мачулішчах. І таму мы не разумеем гэтай сітуацыі. І да гэтага часу не плацяць заробкі людзям, што засталіся на прадпрыемстве», – распавядае Ігар Хмяльніцкі, былы працаўнік «Аэрамашу».

Прадпрыемства працягвае працу, але на нашыя тэлефанаванні цягам дня ніхто не адказаў. У Дэпартаменце інспекцыі працы тлумачаць, што правялі на «Аэрамашы» праверку, але яе вынікаў трэба чакаць больш за месяц:

«Складаецца акт цягам пяці дзён, потым цягам месяца выносяцца патрабаванні. Калі яны не выконваюць нашыя прадпісанні, складаецца пратакол і накіроўваецца ў суд. Суд разглядае і прымае меры па невыкананні».

Былыя працаўнікі лічаць, што на прадпрыемстве проста з невядомымі мэтамі зацягваюць час, а судовыя выканаўцы спрыяюць гэтаму.

«Я ўжо звяртаўся ў Адміністрацыю прэзідэнта электронным лістом, і ў сацабарону, і ў дзяржкантроль, і ўсё сыходзіцца на судовым выканаўцы», – абураецца былы працаўнік «Аэрамашу»Андрэй Наркевіч.

Праваабаронца Юрый Белякоў раіць у такой сітуацыі праяўляць максімальную актыўнасць:

«Калі чалавек нічога сам рабіць не будзе: пісаць, скардзіцца, не будзе да канкрэтнага судовага выканаўцы звяртацца, то праз 3 гады судовы вытворца спыніць выкананне вытворчасці, і на гэтым усё скончыцца. Ніхто выконваць гэтага рашэння не будзе».

А каб захады мелі большы эфект і пытанні развязваліся хутчэй, праваабаронца раіць аб’ядноўвацца.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары