Працаўнікі Віцебскага мясакамбінату паклікалі ў суд былога калегу за відэа, у якім той назваў іх дзеянні падчас працы незаконнымі


Працаўнікі Віцебскага мясакамбінату Леанід Барсукоў і Сяргей Бізуноў выклікалі ў суд Сяргея Сікору, аўтара відэа «Рэжымнікі і акты» на YouTube, за абразу гонару і годнасці. Што чакае жыхара Віцебску Сяргея Сікору, які змагаецца з кіраўніцтвам мясцовага мясакамбінату, будзе вядома заўтра. Паседжанне аб абароне гонару і годнасці прайшло ў судзе Першамайскага раёну Віцебску.

– Вы працуеце на мясакамбінаце? Кім?

– Супрацоўнікам аддзелу па рэжыме.

Сяргей Сікора, былы працаўнік Віцебскага мясакамбінату, кажа, што адмысловая служба аховы на прадпрыемстве, якая называецца «аддзел па рэжыме», працуе неправамерна.

«Вельмі шмат людзей са мной працавалі, яны цяпер на пенсіі, і яны бачылі, як праводзіліся дагляды. Проста на вуліцы людзей абмацвалі, не маючы на гэта законных правоў», – кажа Сяргей Сікора.

У сваёй пазоўнай заяве Леанід Барсукоў і Сяргей Бізуноў сцвярджаюць, што відэа пад назвай «Рэжымнікі і акты» на Youtube-канале Сяргея Сікоры псуе іхную дзелавую рэпутацыю. Урывак з пазоўнай заявы Сяргея Бізунова і Леаніда Барсукова:

«Агульная тэматыка выступу адказчыка ў цэлым носіць характар, які нас абражае, яна скіраваная на нашую дыскрэдытацыю сярод працаўнікоў ААТ «Віцебскі мясакамбінат» і можа перашкодзіць ажыццяўленню службовых абавязкаў на высокім прафесійным узроўні».

У лютым мы распавядалі пра змаганне Сяргея Сікоры з кіраўніцтвам мясакамбінату, дзе ён тады працаваў. Паводле дакументаў – звычайным электрыкам.

«Мы атрымлівалі, як звычайныя электрыкі, а мусілі атрымліваць як вышыннікі. 10 тысяч вольтаў – гэта не жарты. Кожны, хто з гэтым звязаны, разумее, што гэта такое: адзін неасцярожны рух – і ты вугалёк», – гаворыць Сяргей Сікора.

Звяртае ўвагу ў сваіх відэа Сяргей Сікора і на няправільную ды небяспечную арганізацыю працоўнага месца. Праваабаронца Ірына Траццякова:

«Калі распачынаецца справа супраць чалавека, якога ўшчамілі ў законных правах, як у сённяшнім працэсе, мы разумеем, што ўсё ідзе па стандарце, бо такіх працэсаў у Беларусі вельмі шмат».

Былы працаўнік мясакамбінату здавацца не збіраецца:

«Пасля суда, натуральна, калі так будзе працягвацца далей, будзе накіраваная сустрэчная заява, якая будзе паводле артыкулу 197 Крымінальнага кодэксу за пераслед за крытыку».

Рашэнне ў справе суд абвесціць заўтра. На спрыяльнае для сябе развязанне Сяргей Сікора не спадзяецца.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu