Працаўнікі сферы адукацыі зарабляюць каля Br 600


У першую нядзелю кастрычніка Беларусь традыцыйна адзначае Дзень настаўніка. Гэта прафесійнае свята амаль як для 115-ці тысяч педагогаў. З якімі праблемамі сутыкаюцца працаўнікі гэтай адказнай прафесіі?

Настаўнік – бадай, першы пасля бацькоў чалавек, які мае вызначальны ўплыў на светапогляд асобы. Але адказная прафесія патрабуе перадусім вытрыманасці ды вялікага жадання несці веды. Таму яна шмат дзе лічыцца прэстыжнаю. А што ж у нас?

Жыхары Менску:

«Яна павінна быць прэстыжнаю, але ў нас яна, на жаль, не прэстыжная».

«Няўдзячная праца».

«Не вучаць таму, чаму належала б, а вучаць па метадычках».

«Настаўнікі, праз тое, што ім мала плацяць, сталі вельмі халатна да гэтага ставіцца. То бок навучаюць так, як быццам бы робячы ласку».

«Я таксама выкладчык, праўда, замежных моваў, але працую ў прыватнай структуры. Там працаваць нашмат больш прыемна – і адносіны іншыя, і менш папяровай валтузні, і плацяць там лепш».

Для дзяржавы прафесія выкладчыка – асаблівая, а таму педагогі не маюць права адхіляцца ад зададзенага ўладамі курсу. Трэба сагнаць дзяцей на бульбу? Значыць, трэба сагнаць.

«Крок улева, крок управа – гэта, што называецца, расстрэл. Зразумела, што яму будуць трапаць нервы. Зразумела, калі настаўнік скажа штосьці ў сродках масавай інфармацыі або выкажа сваё меркаванне, адразу ж пачынаецца пераслед. Гэтага не павінна быць, бо несвабодны чалавек ніколі не выхавае свабоднага грамадзяніна», – кажа Таццяна Севярынец, былая настаўніца.

Аляксандр Сядзяка працуе ў школе вось ужо амаль 40 гадоў. Зазнаў і савецкую сістэму адукацыі, і беларускую.

«Гэта не толькі падрыхтоўка да ўрокаў, навучанне дзяцей, выхаваўчая праца, тут яшчэ і харчаванне, і наведванне сем’яў, і справаздачы розныя, якія засталіся і да сённяшняга дня», – тлумачыць Аляксандр Сядзяка, настаўнік фізікі, настаўнік-метадыст.

Паводле выкладчыка, шмат гадоў адукацыя ў нашай краіне застаецца ў стане безупыннага рэфармавання: змяняецца пачатак заняткаў, абмяркоўваецца вяртанне да пяцібальнай сістэмы і пераход на 12-гадовае навучанне. Усё гэта адбіваецца і на выкладчыках, і на вучнях. Вынікі ж такіх «рэформаў» красамоўна дэманструе цэнтралізаванае тэставанне.

«У 2009–2010 годзе сярэдні бал па фізіцы быў 20 са 100. І трэцяя частка, 30 % абітурыентаў, проста не даседжвалі да канца і не дабіралі таго мінімуму, 10 ці 15 заліковых балаў», – адзначае тлумачыць Аляксандр Сядзяка, настаўнік фізікі, настаўнік-метадыст.

616 рублёў. Менавіта столькі атрымліваюць у сярэднім працаўнікі сферы адукацыі ў Беларусі паводле Белстату. Для параўнання, у Польшчы гэтая лічба амаль утрая большая.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»