Працаўнікі папрасілі чыстага паветра – іх звольнілі


У Горадні працаўнікі прадпрыемства «Белкалярмет» трапілі пад пераслед кіраўніцтва, таму што прасілі ў дырэкцыі чыстага паветра. І так шкодная вытворчасць стала невыноснай з прычыны дыму. Некалькі чалавек страцілі працу, і цяпер звярнуліся па дапамогу да «Белсату».

«Было задымленне ўвогуле. І не толькі ў ліцейцы, а нават там, дзе перабіраюць метал рабочыя – там таксама немагчыма дыхаць. Прыйдзеш з абеду – там цалкам зацягнутае дымам. Немагчыма працаваць», – кажа былы працаўнік «Белкалярмету» Сяргей Слабаш.

Працаўнікі разам з начальнікам цэху казалі аб праблеме начальству. І тады праблемы з’явіліся ў іх. Дым з цэху не знік, а рабочых пачаліся запалохваць і прапаноўваць звольніцца на ўласнае жаданне. Чатыры чалавекі гэта зрабілі. Траіх звольнілі паводле артыкулу.

«Я чатыры гады спраўна працаваў. У мяне маюцца ўсе магчымыя заахвочванні, узнагароды, прэміі, каштоўныя падарункі. І вось чатыры гады я адпрацаваў добрасумленна, як цвердзіць працадаўца, а апошні месяц я стаўся злосным парушальнікам», – кажа Андрэй Кісялёў, які раней працаваў на «Белкалярмеце».

Цяпер Андрэй Кісялёў можа бачыць сваё прадпрыемства толькі на відэа, якое зняў. Гэтае відэа стала падставаю для звальнення, бо нібыта ім працаўнік наносіць шкоду заводу, выдаючы таямніцы. Мужчына кажа, яму нават спрабавалі падкінуць метал і абвінаваціць у крадзяжы. Былі і вымовы.

«Калі ў працадаўцы ўсё ж не будзе магчымасці аднавіць мяне на працы, то я хачу, каб з мяне знялі артыкул, які, як я лічу, мне незаконна ўпісалі ў працоўную кніжку, далі кампенсацыю маральнае шкоды і кампенсацыю за той час, калі я не працую», – дадае Кісялёў.

І дзеля гэтага спадар Андрэй, а таксама яшчэ двое рабочых звярнуліся ў суд. А мы звяртаемся да дырэкцыі праз тэлефон. Але намеснік дырэктара «Белкалярмету» Віталь Луцэнка адмовіўся каментаваць гэтую справу праз тэлефон.

«Я не ведаю, што вы там будзеце даваць. Гэта вашае права. «Мы праз тэлефон гэткіх каментароў не даем. Усяго добрага. Да пабачэння»», – сказаў нам Луцэнка.

Не праз тэлефон жа таксама не каментуюць, бо «Белсат» у Беларусі не мае акрэдытацыі. Кола замыкаецца. А прадстаўнік незалежнага прафсаюзу раіць працаўнікам толькі змагацца, звяртацца ва ўсе інстанцыі ды ні ў якім выпадку не падпісваць звальнення на згоду бакоў.

«Самы горшы варыянт, які чалавек можа для самога сябе выбраць, калі ён пагаджаецца на звальненне – на звальненне, калі гэта па дамове, ці на прыпыненне кантракту на згоду бакоў. Тут юрыдычна амаль што нічога фактычна і практычна нельга зрабіць», – кажа Андрэй Ханевіч з Беларускага незалежнага прафсаюзу.

У справе ж гарадзенскага «Белкалярмету» кропка не пастаўленая. Судовы разгляд працягваецца.

Сяргей Падсасонны