Аб'ектыў 04.09.2018 Працаўнікам год не плацілі заробак і не хацелі звальняць


Былыя працаўнікі прыватнага Вытворчага цэнтру захоўвання і перавальвання нафтапрадуктаў у Жабінцы сцвярджаюць, што не могуць атрымаць заробку яшчэ з сакавіка мінулага года.

«Мы ўжо год не атрымліваем разліку, па 2-3 тысячы. Нас 15 чалавек».

«За апошні год запазычанасць больш чым 6000 беларускіх рублёў».

Паводле словаў работнікаў, хоць заробкаў фірма ім не плаціла, але і заявы на звальненне не прымала. У выніку людзі мусілі звальняцца з прадпрыемства праз суд. Расказвае Аляксандр Аляхновіч, былы працаўнік прадпрыемства:

«Выйгралі суд, суд прайшоў, прысудзілі кожнаму пэўную суму ў залежнасці ад заробку, і на гэтым справа скончылася».

Не дапамаглі атрымаць заробленыя грошы ні звароты да абласных уладаў, ні лісты ў Адміністрацыю прэзідэнта. Андрэй Андраюк, былы працаўнік прадпрыемства:

«Званіў у аблвыканкам на гарачую лінію – адпіскі даюць, званіў у Дэпартамент інспекцыі працы – «мы нічога зрабіць не можам», то бок ніхто нічога вырашыць не можа».

Аляксандр Аляхновіч, былы працаўнік прадпрыемства:

«Мы пісалі ў Адміністрацыю прэзідэнта, два разы нам адказ прыходзіў, што вырашае мясцовы аблвыканкам, туды перасылалі. А аблвыканкам перасылаў сюды».

У адказе з аблвыканкаму чытаем: паколькі на рахунках фірмы сродкаў няма, частку аб‘ектаў нерухомасці, якія ёй належаць, арыштавалі, каб прадаць і сплаціць людзям грошы. Вось толькі набываць іх на аўкцыёне ніхто не спяшаецца. Да таго ж у прадпрыемства нядаўна змяніўся ўласнік.

Сяргей Сʼедзін, новы ўласнік прадпрыемства:

«Папярэднія ўласнікі былі грамадзянамі Польшчы, і я не ведаю, чаму працаўнікі з імі не развязалі пытанняў. Больш за тое, за той час, калі яны працавалі, прадпрыемства паводле свайго прызначэння – паслугі ў захоўванні нафтапрадуктаў – ніводнага літра не прымала і не захоўвала. І сумлення не павінна быць у іх звяртацца па заробкі пасля такога выхаду на працу, што прыйшлі пасядзелі і сышлі».

Новы ўласнік сцвярджае, што праводзіў сход з былымі работнікамі і паабяцаў людзям разлічыцца з пазыкамі пасля таго, як прадпрыемства запрацуе. Калі ж гэта адбудзецца – не вядома, бо спачатку трэба аднавіць і тое, што развалілася за два гады бяздзеяння фірмы, і кантакты патэнцыйных кліентаў. Што ж рабіць людзям, якія не могуць атрымаць сваіх грошай?

Каментуе Аляксандр Ярашук, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў:

«Гэта ўрок для шараговых працаўнікоў: цэлы год яны пагаджаліся з тым, што ім не плоцяць заробкаў».

Лідар Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў мяркуе, што фармальна дзяржава зрабіла ўсё, што мела зрабіць, і дапамагчы цяпер можа толькі страйк, які надаў бы справе розгалас. Аляксандр Ярашук, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў:

«Калі і медыі будуць пра гэта казаць, і сацсеткі, калі гэта набудзе гучнае сацыяльнае ды грамадскае гучанне, то, можа, яны здолеюць скарыстацца шанцам, і ўлады будуць вымушаныя знайсці сродкі, каб з імі разлічыцца».

Але каб не ўзнікала такіх сітуацыяў, трэба не трываць, не чакаць, а прынамсі аб’ядноўвацца, каб разам і адразу развязваць свае праблемы.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Viktor Drachev / TASS / FORUM

Глядзі таксама
Каментары