Пратэсты ў Іране: 21 загінуў, 450 могуць пакараць смерцю


Хваляванні, што пачыналіся як шэраг эканамічных пратэстаў у адной з іранскіх правінцыяў, цяпер перараслі ў антыўрадавыя выступленні па ўсёй краіне. У сутычках з мясцовымі сілавікамі загінула не менш за 21-ну асобу. Больш за 450 чалавек арыштаваныя, і некаторым з іх можа пагражаць смяротнае пакаранне.

Эканамічных і сацыяльных перадумоваў для пратэстаў у іранцаў хапала задоўга да пачатку антыўрадавых выступаў. Кожны дзясяты дарослы іранец – беспрацоўны, а сярод моладзі беспрацоўных – амаль траціна. Лічыцца, што пратэсты пачаліся з росту коштаў на курыныя яйкі – у адзін дзень яны выраслі больш чым у паўтара разу.

Хваляванні пачаліся яшчэ больш абсурдна

«Радыкальныя ісламісты спрабавалі зарганізаваць пратэсты супраць стрыманага прэзідэнта Рухані, але пры тым яны хутка страцілі кантроль над гэтымі пратэстамі, яны спачатку перараслі ў пратэсты з эканамічнымі патрабаваннямі, а затым і ў патрабаванні адстаўкі не толькі Рухані, але і вярхоўнага лідара Хамэнэі», – тлумачыць Яўген Красулін, эксперт у нееўрапейскіх цывілізацыях.

Некалькі соцень пратэстоўцаў у чацвер у горадзе Машгад пасля сутыкненняў з Сіламі бяспекі распаўсюдзілі пратэставыя настроі па ўсёй краіне. Сёння людзі выходзяць на вуліцы больш як у двух дзясятках гарадоў. Гучаць лозунгі «смерць дыктатару» – то бок вярхоўнаму лідару краіны з 1989 года Алі Хамэнэі. Тэгеран ува ўсім абвінавачвае Ізраіль і ЗША. У Вашынгтоне ад абвінавачванняў адмахваюцца, але пратэстоўцаў падтрымліваюць.

Гэта самыя буйныя антыўрадавыя выступы за апошняе дзесяцігоддзе

Аднак у прысутных няма адзінай мэты: адныя патрабуюць больш жорсткага пакарання для жанчын, якія адмовяцца насіць вопратку, што закрывае цела і твар, іншыя змагаюцца з паліцыяй за годны заробак, але большасць скандуе, цытата, «Людзі жывуць у галечы, аяталы жывуць як багі». А гэта адкрывае магчымасці радыкальных пераменаў у краіне.

«Калі паглядзець на лозунгі – не толькі «далоў», але і вельмі цікавы лозунг – Пахляві – гэта прозвішча шахскай дынастыі, якая правіла Іранам да 1979 году, і гэта паказвае, што сённяшнія пратэстоўцы звязваюць свае надзеі з вяртаннем манархіі»,– мяркуе спадар Красулін.

Да ісламскай рэвалюцыі 1979 года вуліцы іранскіх гарадоў мала чым адрозніваліся ад заходнееўрапейскіх. Аднак за гэтым стаяў жорсткі палітычны рэжым. Гвардыя шаха, як і сённяшнія іранскія сілы бяспекі, – спрабавалі сілаю здушыць пратэсты. У выніку зарадзілася першая ісламская рэспубліка, кіраваная духавенствам у куды большай ступені, чымся абранымі ўладамі.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота: Raheb Homavandi / Reuters / Forum