Ад Масквы да Уладзівастоку. Пратэсты прайшлі ў больш як ста гарадах Расеі


Ад Масквы да Уладзівастоку сёння адбыліся акцыі за вызваленне Аляксея Навальнага. Расейскі апазіцыянер апынуўся за кратамі пасля вяртання на радзіму з Нямеччыны, дзе лекаваўся пасля атручвання, якое з вялікаю верагоднасцю зладзілі сілы ФСБ. Да пратэстаў спрычынілася і расследаванне каманды Фонду барацьбы з карупцыяй, у якім распавядаецца пра самы дарагі ў свеце палац для Уладзіміра Пуціна.

«Жыве Беларусь!», – скандуюць за 5 тысяч кіламетраў ад Беларусі ў Іркуцку. Расейскія пратэсты ў падтрымку Навальнага і супраць карупцыі ўва ўладзе пачаліся на Усходзе краіны, а разам з імі і жорсткія затрыманні.

Найбольшая ўсходняя акцыя адбылася ва Уладзівастоку – каля 1000 чалавек.

У Хабараўску выйшла па розных дадзеных ад трохсот да тысячы чалавек. Там жа адбыліся збіванні затрыманых у аддзяленні паліцыі №6. А ў Якуцку пратэставаць выйшлі нават у 50-градусны мароз.

Далей пратэсты пракаціліся па ўсёй Расеі. Вулічная акцыя адбылася ў Новасібірску – каля 4 тысяч чалавек.

На Урале найбольш пратэстоўцаў сабралася ў Екацярынбурзе – па розных дадзеных ад 3 да 5 тысяч. Там жа адбылося ледзь не лядовае пабоішча з амапаўцамі.

Калі на Усходзе пратэсты ўжо завяршаліся, у Санкт-Пецярбурзе людзі толькі збіраліся на Дварцовай плошчы. Затрымліваць пачалі яшчэ перад акцыяй. Але ў горадзе ўсё адно сабралася нават да 30 тысяч пратэстоўцаў.

Найбольш людзей выйшла на мітынг у Маскве – каля 40 000. Яшчэ перад пратэстам Пушкінскую плошчу пачалі агароджваць і перакладаць плітку. У сталіцы затрымалі жонку Аляксея Навальнага Юлію. Затрымалі і супрацоўніцу Фонду барацьбы з карупцыяй Любоў Собаль.

«Я маўчаць і адседжвацца не збіраюся – я збіраюся далей патрабаваць вызвалення Аляксея Навальнага. Шчыры дзякуй усім. Я вельмі хачу абняць кожнага, хто выйшаў сёння ў кутках нашай Радзімы», – паспела зняць відэа з аўтазаку Любоў.

Па ўсёй Расеі затрыманыя дзясяткі дэпутатаў ад апазіцыі і паплечнікаў Навальнага. Затрымалі і больш за 20 журналістаў, сярод якіх наш карэспандэнт Арсеній Веснін. Яго і некалькі іншых журналістаў, ударылі дубінкай.

На 19 гадзіну вядома пра 2250 затрыманняў у больш як ста гарадах Расеі.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»