Пратэсты ІП у Жлобіне і Горадні


Цяжкія часы, якія прыйшлі з пачаткам новага года, сталі тэмаю чарговага сходу ІП. Следам за шэрагам абласных і раённых цэнтраў абмеркаваць сітуацыю выйшлі прадстаўнікі малога бізнесу Жлобіна.

«Я не ведаю, пачуюць ці не. Але хочацца вельмі сказаць нашаму ўраду, каб ён нас пачуў і зрабіў хаця б адзін ці два крокі насустрач», – кажа прадпрымальніца Людміла.

Без працы застаюцца не толькі ўласна гандляры, але нярэдка і цэлыя семʼі. Бо доўгі час ІП маглі наймаць працаўнікоў толькі з ліку сваякоў.

«У мяне двое наёмных працаўнікоў – мае дзеці. Там стаіць сын, там стаіць дачка. Муж – будаўнік, з лістапада без працы», – зазначае прадпрымальніца Наталля.

Падчас сходу жлобінскія гандляры вырашылі не працаваць з 1 лютага ды падпісалі калектыўны зварот прадпрымальнікаў Гомельшчыны, у якім ІП патрабуюць скасаваць першы пункт указу №222. Але на меркаванне лідара прадпрымальнікаў суседняга Светлагорска Анатоля Змітровіча, які таксама наведаў гэты сход, дамагчыся трэба не толькі скасавання ўказу, але і наагул – нармальных варункаў для дзейнасці ІП.

«Прадпрымальнікам трэба, па-першае, абʼяднацца. Улада баіцца толькі сілы. І калі мы абʼядноўваліся ў 2002, 2005, 2007, 2008-м годзе, мы ж не далі паціснуць руку апошняму прадпрымальніку», – мяркуе Анатоль Змітровіч, прадпрымальнік са Светлагорску.

Масавы сход сёння адбыўся і на найбуйнейшым рэчавым рынку Горадні «Паўднёвы». А днём раней скасавання ўказу №222 патрабавалі ў Баранавічах. На спатканні ў райвыканкаме прысутнічалі больш як 300 ІП і 20 чыноўнікаў. Адмену прэзідэнцкага ўказу прадстаўнікі мясцовых уладаў, аднак, абмяркоўваць адмовіліся, а большасць пытанняў ІП – засталіся без адказу.

Тым часам пытанні маюць не толькі гандляры, але і пакупнікі. Стаўленне ўладаў да ІП для большасці з апытаных намі менчукоў, застаецца незразумелым.

«Людзей, якія маюць прыватную ініцыятыву, іх трэба падтрымліваць, а не цкаваць, як гэта атрымліваецца ў нас», – распавядае мужчына.

«Мне падаецца, што гэта варʼяцтва, калі людзей пазбаўляюць працоўных месцаў, якіх яны самі дамагліся, самі сабе зрабілі», – мяркуе мінак.

«Канешне, кепска, што зачыняюцца кіёскі. Людзям працаваць трэба, семʼі ўтрымліваць, зарплату нейкую атрымліваць», – падсумоўвае яшчэ адзін суразмоўца «Белсату».

У сталіцы, як і ў рэгіёнах, шмат якія гандлёвыя пункты прыпынілі працу. Са словаў лідара «Перспектывы» Анатоля Шумчанкі, усё больш прадпрымальнікаў гавораць пра выйсце на Плошчу. Бо пакуль усе пытанні – перадусім да кіраўніка краіны – застаюцца без адказаў.

«Мы ж за яго галасавалі! Чаму ён не можа нас пачуць?», – абураецца прадпрымальніца.

Вольга Жарнасек, «Белсат»