Пратэсты і затрыманні па ўсёй сталіцы

Do you hear the people thing. Песню з мюзіклу «Адрынутыя», што сімвалізавала студэнцкі пратэставы настрой у часе Парыжскага паўстання 1832 года, сёння заспявалі студэнты Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту. У адказ у навучальную ўстанову ўварваліся людзі ў цывільным з маскамі на тварах, пачаліся затрыманні.

Дзяўчат, якія спрабавалі адбіць хлопцаў, адштурхоўвалі ды абражалі. Адміністрацыя ўніверсітэту назірала за падзеямі моўчкі. Студэнты МДЛУ:

«Калі табе штодня кажуць, што ўніверсітэт – гэта твой дом, дзе цябе будуць абараняць, складана пасля пачуць ці пабачыць, як заходзіць АМАП і хапае аднакурснікаў ці людзей з іншых курсаў універсітэту».
«Урываюцца людзі ў масках і выносяць проста студэнтаў адсюль сілай. Я не разумею, чаму такое адбываецца, і вельмі страшна».
«У дэкана факультэту была такая зласлівая ўсмешка… Нібыта гэта ён выклікаў АМАП. Я не разумею, чаму ў нашым універсітэце затрымліваюць студэнтаў, а ўніверсітэт не намагаецца ім дапамагчы».

Прэс-сакратар МУС аднак сцвердзіла, што ва ўніверсітэт прыязджаў не АМАП, а міліцыя. Затрыманых студэнтаў даставілі ў пастарунак Партызанскага раёну Менску, адкуль пасля складання пратаколаў адпусцілі.

«Пасля таго як запусцілі ва ўніверсітэт таго, каго запусцілі, я тут больш працаваць не хачу і не збіраюся. Заява на звальненне ўжо напісаная, – кажа выкладчык МДЛУ Юрый Зімін.

А ў другой палове дня студэнты выйшлі на ўніверсітэцкі ганак зноў, абураныя брутальным разгонам. Шмат хто «вярнуў» МДЛУ свае граматы і падзякі.

Брутальным разгонам адзначылася таксама акцыя салідарнасці і ў сталічным Парку высокіх тэхналогіяў. Затрымалі як удзельнікаў, гэтак і нашую здымачную групу. Што праўда, пазней журналістаў адпусцілі. А гэтак выказвалі салідарнасць у Берасці. Перадусім прадстаўнікоў сферы ІТ абурыў арышт і крымінальная справа ў дачыненні топ-менеджара кампаніі PandaDoc Віктара Куўшынава. Ён публічна заклікаў сілавікоў спыніць гвалт. Удзельнікі акцыі:

«Я б хацела ўратаваць ад гэтых сініх пальцаў не толькі ўсю краіну, але і сферу, у якой я працую, у якой працуе шмат беларусаў».
«Гэта жахлівая сітуацыя, калі людзі ў масках прыходзяць з ператрусамі да айтышнікаў, ужо больш за 20 кампаніяў збіраюцца з‘язджаць з Беларусі за мяжу, гэта прыклад, як рэжым Лукашэнкі ломіць уласную краіну і эканоміку».
«Вельмі не хочацца, каб найлепшыя людзі з’язджалі з Беларусі».

Акторы Купалаўскага тэатру, што звольніліся на знак пратэсту са змяшчэннем з пасады свайго кіраўніка Паўла Латушкі, працягнулі выступаць. Пакуль у іншым фармаце. У гістарычным музеі імя Пятруся Броўкі яны чыталі ўрыўкі твораў Янкі Купалы.

«Будзе чуваць купалаўцаў. Гэта такая справа, што яна не можа быць забітая, яна не загіне – ні праз год, ні праз два, ні праз тры», – кажа актор ПАвел Харланчук-Южакоў.

У ланцуг салідарнасці менчукі выстройваліся таксама ля Камароўскага рынку і гандлёвага цэнтру «Тытан», ля стэлы «Менск – горад-герой» ды ўздоўж Лагойскага тракту. Некалькі соцень чалавек ішлі і ў бок Нямігі, але пачаліся затрыманні, людзі разбегліся.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Тэгі: