Пратэст у Маскве: кроў і аўтазакі. Больш за тысячу затрыманых на акцыі за свабодныя выбары


«Шаноўныя грамадзяне, просьба не збірацца, вы замінаеце праходзіць людзям», – шматразова гучала сёння з паліцэйскага мегафону ў Маскве.

Больш за 1 000 затрыманых, брутальнае збіццё, разбітыя галовы. Гэтак сёння маскоўская паліцыя распраўлялася з пратэстам, не дазволеным гарадскімі ўладамі.

«Паклікалі ОМОНаўцаў з дручкамі, хоць ніхто ніякіх дзеянняў не рабіў», – сведчыць спадарыня са скрываўленай галавой – Аляксандра Парушына, мясцовая дэпутатка акругі Хамоўнікі ў Маскве.

«Усе грамадзяне маюць поўнае права збірацца і выказваць сваё меркаванне наконт розных пытанняў грамадска-палітычнага жыцця. Калі гэта не ўзгоднена з уладамі, гэта не прычына для разгону», – зазначыў прафесар Мікалай Сванідзэ, расейскі журналіст.

Некалькі тысячаў чалавек выйшлі ў цэнтр расейскае сталіцы, каб патрабаваць канкурэнтных і сумленных мясцовых выбараў.

«Выступаем за тое, каб незалежных кандыдатаў, за якіх мы паставілі свае подпісы, дапусцілі да выбараў», – кажа адзін з удзельнікаў пратэсту.

Паліцыя ж затрымала і апазіцыйных кандыдатаў, якіх з надуманых прычынаў не зарэгістравалі на выбары ў Маскоўскую гарадскую думу. Сярод іх і Любоў Собаль: «Прычыну затрымання мне на дадзены момант гэтак і не патлумачылі, я не ведаю, за што мяне затрымалі, не ведаю супрацоўнікаў паліцыі, якія мяне затрымалі».

Затрымлівалі ў Маскве і прэвентыўна: сёння ўначы за краты пасля начнога ператрусу ў кватэры і офісе трапіў Ілля Яшын, а яшчэ ў сераду за заклік да несанкцыянаванага пратэсту на 30 содняў арышту быў асуджаны

Аляксей Навальны: «Калі мяне адправяць пад арышт, то я вас безумоўна заклікаю прыйсці да мэрыі на мітынг 27-га на 14:00. Бо калі ў Расеі няма права на выбар, то ўся краіна – усё роўна турма, вы ўсё роўна сядзіце. Выходзьце, каб дабіцца сабе свабоды!»

Дзеяннямі на вуліцы расейская паліцыя не абмежавалася. Сёння паліцыя ў масках уварвалася ў студыю YouTube-каналу «Навальный лайф» і пачала ператрус. Прыйшлі сёння паліцыянты ў студыю тэлеканалу «Дождь», які таксама вёў жывы эфір з пратэсту. Галоўнай рэдактарцы Аляксандры Перапёлавай уручылі позву на допыт у якасці сведкі ў крымінальнай справе аб перашкодзе ў працы выбарчых камісіяў.

Выбары ў Маскоўскую гарадскую думу маюць прайсці 8 верасня.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»