Пратэст у Магілёве: крывавая бойка падчас затрыманняў


Агрэсіўныя захады ўладаў не збілі пратэставага духу ў Магілёве. Каля 18-ай гадзіны на вуліцы Ленінская сабраліся каля паўтысячы дэманстрантаў.

Запужванні, пагрозы звальненнямі, арышты

І хоць нагода акцыі – дэкрэт аб гэтак званых дармаедах – сярод пратэстоўцаў большая частка казала агулам пра цяжкі стан эканомікі ў рэгіёне, масавае беспрацоўе, збядненне людзей і патрэбу ў рэформах.

Да акцыі актыўна рыхтаваліся магілёўскія ўлады

Напярэдадні затрымалі і ў той жа дзень асудзілі да 15-ці содняў арышту аднаго заяўніка Маршу недармаедаў – Алега Аксёнава, сёння зранку свой вырак пачуў другі арганізатар – Уладзімір Шанцаў, якога таксама на 15 содняў кінулі за краты. Перад адпраўкаю ў ізалятар актывіст пракаментаваў «Белсату» свой арышт і тую хвалю рэпрэсіяў, якая пачалася апошнімі днямі ў краіне.

«Раней казалі «Слава КПСС!» у такіх выпадках. Канстытуцыя груба папраная, і трэба выпраўляць гэтае становішча», – зазначыў спадар Шанцаў.

Яшчэ аднаго заяўніка маршу ў Магілёве, Ігара Барысава, па прыбыцці самалётам з Берліну ў Менск больш чым на тры гадзіны затрымалі, пасля вызвалілі, але сканфіскавалі нібыта для экспертызы ноўтбук і ўсе носьбіты інфармацыі. Пасля ж блакавалі яго ва ўласнай кватэры. І літаральна за некалькі гадзінаў перад акцыяй міліцыя затрымала чацвёртага заяўніка – Алеся Сілкова.

Пратэст без лідараў у Магілёве прымусіў улады выйсці да людзей

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк звярнуўся да мітынгоўцаў і пагадзіўся, што дэкрэт аб сацыяльным утрыманстве, з якога і пачаліся пратэсты, далёкі ад дасканаласці.

Напрыканцы пачаліся затрыманні

Ужо калі людзі пачалі разыходзіцца, на пратэстоўцаў напалі людзі ў цывільным і затрымалі некалькі чалавек. Абураныя беларусы спрабавалі адбіць мітынгоўцаў. Але ў выніку – чарговыя затрыманні.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, агулам у Магілёве затрымалі прынамсі шасцёра асобаў. Аднак пасля брутальных затрыманняў замест страху магілёўцы выказвалі толькі яшчэ большае абурэнне палітыкаю ўладаў і абяцалі, што пратэсты працягнуцца.

Юрый Салодкі, «Белсат»