Аб'ектыў 23.11.2017 Лукашэнку абазвалі траянскім канём Пуціна


Міністра замежных справаў Беларусі чакаў у Бруселі не самы цёплы прыём ад суайчыннікаў. Беларусы Бельгіі выйшлі на пратэст, каб звярнуць увагу Еўропы на дзеянні ўладаў Беларусі. «Лукашэнка – траянскі конь Крамля» – пад такім лозунгам адбыўся пікет супраць удзелу Беларусі ў саміце Усходняга партнёрства, які распачнецца заўтра.

Не залагодзіў настрою нават той факт, што Лукашэнка пастанавіў не ехаць на саміт «Усходняга партнёрства», не зважаючы на афіцыйнае запрашэнне.

Еўропа ўпэўнена трымае працягнутую руку

Пакуль беларуская дэлегацыя – у Бруселі, у Менску з візітам застаецца спавяшчальнік ПАРЕ Андрэа Рыгоні.

«Крокі наперад робяцца ў працэсе размовы, абмену меркаваннямі, дыскусіяў. А калі кожны сядзіць у сябе ўдома, маўчыць, глядзіць здалёк – ніякага кроку наперад зрабіць немагчыма. І мы бачым сваім заданнем наблізіць Беларусь да стандартаў і каштоўнасцяў Рады Еўропы», – кажа дыпламат.

Адзін з галоўных стандартаў Рады Еўропы – адсутнасць кары смерці ў краінах, якія ўваходзяць у яе склад. Тады як Беларусь застаецца апошняю сярод еўрапейскіх і нават постсавецкіх краінаў, дзе ўжываюць смяротнае пакаранне.

Лукашэнка не зацікаўлены змяняць сітуацыю

Афіцыйны Менск не зацікаўлены ў саміце, які распачнецца заўтра. Найбольшыя дывідэнды ён прынясе тым краінам, якія пайшлі на асацыяцыю з Еўразвязам, – Украіне, Грузіі ды Малдове.

«Астатнім тром сябрам усходняга партнёрства – то бок Азербайджану, Арменіі і Беларусі няма чаго прапанаваць, бо яны не выконваюць тых патрабаванняў, тых абавязкаў, якія накладаюцца хаўрусам гэтых краінаў з Еўразвязу», – тлумачыць палітолаг Уладзімір Мацкевіч.

А гэта – правядзенне грунтоўных рэформаў, лібералізацыя эканомікі і забеспячэнне правоў чалавека. З апошнім пунктам улады Беларусі маюць асаблівыя праблемы. За два дні да саміту адбыліся суды за ўдзел у кастрычніцкім Маршы абураных беларусаў у Менску. 70-гадовая актывістка Ніна Багінская атрымала Br 1150 штрафу. За два гады ейныя пакаранні за ўдзел у мірных акцыях пратэсту перавысілі Br 30 тыс.

Вольга Жарнасек, «Белсат»

 

Глядзі таксама
Каментары