Пратэст супраць бяспраўя


Асноўную атмасферу сённяшняй акцыі задалі анархісты – гэта быў першы марш недармаедаў, які праходзіў пераважна не пад бел-чырвона-белымі сцягамі, а пад чорным колерам пратэсту. Падтрымаць берасцейцаў з гораду над Сожам прыехаў і вядомы гомельскі блогер Максім Філіповіч.

«Вельмі важна падтрымліваць адзін аднаго, быць разам. Ратаваць адзін аднаго»

Арганізатарам сённяшняй акцыі выступіў актывіст Абʼяднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Кабанаў з Бярозы. Узяць ініцыятыву ў свае рукі спрабаваў іншы актывіст АГП Уладзімір Вуек, які заклікаў берасцейцаў пайсці ў гарвыканкам, каб правесці перамовы з мясцовымі ўладамі.

Аднак на такое запрашэнне ахвочых паразмаўляць са старшынём гораду Аляксандрам Рагачуком вызвалася няшмат.

Адметна, што папярэднія акцыі ў Берасці супраць дэкрэту нумар тры збіралі, у адрозненне ад іншых гарадоў, невялікую колькасць пратэстоўцаў. Сёння ж падтрымаць беспрацоўных і тых, каго ўлада называе дармаедамі, прыйшлі нават тыя, хто работу мае. Нават нягледзячы на спробу ўладаў арганізаваць іншае мерапрыемства на цэнтральнай плошчы гораду ў той жа самы час.

Яшчэ адна з лідараў пратэсту супраць дэкрэту нумар тры, «жанчына са сцягам» Наталля Папкова працягвае трымаць галадоўку ў псіхіятрычным шпіталі, куды актывістку змясцілі некалькі дзён таму. Напярэдадні яе адведаў лідар «Маладой Беларусі» Артур Фінькевіч, які таксама далучыўся да сённяшніх пратэстаў у Берасці.

Кажа Артур Фінькевіч, былы палітвязень, лідар «Маладой Беларусі»:

«Яна галадуе. Яна не есць, толькі пʼе ваду. Таму што яна не давярае дактарам, якія могуць чаго падсыпаць у ежу. Ну і ў якасці пратэсту супраць незаконнага затрымання»

А вось каманда палітыкаў з Менску ў складзе Анатоля Лябедзькі, Віталя Рымашэўскага, Мікалая Казлова і Вольгі Кавальковай, якая з раніцы накіроўвалася ў Берасце, каб узяць удзел у маршы, даехала да абласнога цэнтру не цалкам. Дарогай аўтамабіль палітыкаў двойчы спынялі працаўнікі ДАІ праз нібыта ў падазрэнні, што машына ў вышуку. Пазней Лябедзьку, Кавалькову і Рымашэўскага даставілі ў Бярозаўскі РАУС, адкуль выпусцілі без складання пратаколаў.

Аднак сённяшнім пратэстам барацьба беларусаў супраць дэкрэту аб дармаедах не спыняецца. Ужо на наступным тыдні акцыі пройдуць у шэрагу раённых цэнтраў. У пятніцу, 10-га сакавіка, марш недармаедаў запланаваны ў Маладзечне, у суботу, 11-га – у Пінску, а ў нядзелю, 12 сакавіка, недармаеды выйдуць на вуліцы Воршы, Бабруйску і Рагачова.

Віталь Бабін, «Белсат»