Пратэст на прадпрыемстве Лукашэнкі і Шэймана


«Азярцо-лагістык» – гандлёва-транспартавая кампанія, якая спецыялізуецца на складскім захаванні тавараў ды іх мытным афармленні. Прадпрыемства працуе паспяхова і мае сталы прыбытак, аднак працаўнікі сцвярджаюць, што гэта ніяк не ўплывае на іхны дабрабыт.

Алена Вярбіла адпрацавала на адказнай пасадзе загадчыцы складу восем гадоў, мае добры працоўны досвед і рэпутацыю майстра сваёй справы. Аднак з лютага адміністрацыя адмаўляецца працягваць з ёй працоўны кантракт. Жанчына ўпэўненая: прычына – у спробе адстойваць свае правы.

«У людзей не было грошай, і тады мы сабраліся і ўсім калектывам прыйшлі да наймальніка ў кабінет – разабрацца, у чым справа. І там прагучала такая фраза: прыбытак ёсць – грошай няма», – кажа працаўніца «Азярцо-лагістык» Алена Вярбіла.

Працаўнікі прыбытковага прадпрыемства са жніўня недаатрымоўваюць істотнай часткі заробку. Адміністрацыя пачала зніжаць прэміі, выплаты за прафмайстэрства, складанасць і напружанасць працы. А гэта – палова зарплаты, цвердзяць работнікі ды наракаюць, што кіраўніцтва нават не тлумачыць прычыны такога рашэння. Паводле дырэктара «Азярца», прадпрыемства і без таго прапаноўвае высокія заробкі.

«Сярэдні заробак на прадпрыемстве – 1177 рублёў за мінулы год, па краіне – 1090. Пра якую недаплату гаворка? У залежнасці ад дзелавых якасцяў, ад прафесійнага майстэрства – у кантракце гэта ўсё распісана. Усе людзі азнаёмленыя, і ніводны чалавек не разарваў кантракту, не згаджаючыся», – паведаміў дырэктар прадпрыемства «Азярцо-лагістык» Сяргей Дабрыян.

Нязгодныя з палітыкаю кіраўніцтва наракаюць на працоўную дамову, якая надае кіраўніку прадпрыемства выключныя правы. У тым ліку вызначаць памер усіх дадатковых выплатаў – на ўласнае жаданне. Калектыў дамагаецца падпісання новай дамовы, але адміністрацыя патрабаванні ігнаруе.

«Атрымоўваецца «ручная» калектыўная дамова пад наймальніка: цалкам лабіруе інтарэсы наймальніка. Былі парушаныя правы сацыяльных групаў, на што я неаднаразова звяртала ўвагу, але гэтага ніхто не пачуў. Звярнулі ўвагу людзі, якія адстойваюць правы наймальніка. Але не правы наймальніка трэба абараняць, а правы людзей», – мяркуе працаўніца «Азярцо-лагістык» Дар’я Анішчык.

Працаўнікі прадпрыемства звярталіся ва ўсе найвышэйшыя дзяржаўныя і кантрольныя органы. Дайшлі нават да Віктара Шэймана, які ўзначальвае Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Уласна, гэтай установе і належыць прадпрыемства. На знак пратэсту сорак рабочых выйшлі з прадзяржаўнага прафсаюзу і далучыліся да незалежнага Прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці.

«Ён кажа, што няма парушэнняў. Як жа няма, калі асноўны заробак усяго 50 %, а ўсё астатняе – надбаўкі, прэміі і даплаты? Гэта парушэнне тарыфнага пагаднення афіцыйнага прафсаюзу. Там не можа быць такога – яму рабілі за гэта заўвагу. І тое, што адбываецца зараз у «Азярцы», напэўна, шмат такіх прадпрыемстваў, проста мы іх ня ведаем», – кажа старшыня незалежнага Прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч.

Заўтра ў «Азярцы» адбудзецца чарговая прафсаюзная канферэнцыя для заключэння новай працоўнай дамовы паміж адміністрацыяй ды працоўным калектывам прадпрыемства. Работнікі заяўляюць, што новы праект паўтарае папярэдні без уліку іхных просьбаў і прапановаў.

Галіна Абакунчык, «Белсат»