Пратэст і акрываўленая бялізна – у цэнтры Менску


Б‘е – значыць любіць? Грамадскія актывісты не хаваюць абурэння і расчаравання словамі Аляксандра Лукашэнкі, які выступіў супраць праекту закону аб супрацьдзеянні хатняму ґвалту. Якія нормы ўводзіў прарыўны законапраект, і ці сапраўды яны пагражалі гэтак званым «славянскім сямейным традыцыям»?

Акрываўленая бялізна з надпісам «Міліцыя цябе не абароніць» развешаная ў цэнтральным парку Менску. Гэтак грамадскія актывісты пратэставалі супраць заявы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што ён не дапусціць прыняцця закону аб супрацьдзеянні хатняму гвалту.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Усё гэта дурасць, узятая перш за ўсё з Захаду. Вы можаце не перажываць, і народ хай не хвалюецца – мы будзем зыходзіць выключна з уласных інтарэсаў, нашых беларускіх, славянскіх традыцыяў».

Як выглядаюць сямейныя традыцыі на практыцы – кажуць сацыялагічныя даследаванні. З псіхічнымі ці фізічнымі здзекамі хоць раз сутыкаліся больш за 70 адсоткаў беларускіх жанчын. Законапраект, які падрыхтавала Міністэрства ўнутраных справаў разам з грамадскімі актывістамі, эксперты называлі прарыўным. Ён меў паскорыць рэакцыю на выпадкі ґвалту і прадугледжваў інавацыйную сістэму ацэнкі рызыкі.

Ірына Альхоўка, грамадскае аб’яднанне «Гендарныя перспектывы»:

«З нейкіх ускосных фактаў можна меркаваць, што ў будучыні гвалт можа развівацца. Сёння ён псіхалагічны, але ў агрэсара ёсць зброя (халодная ці агнястрэльная), або ён раней ужываў гвалт у дачыненні хатніх жывёлінаў».

Два гады таму пабоі перасталі лічыцца крымінальным злачынствам у Расеі. Адзіным выключэннем заставалася збіццё блізкіх родзічаў. Але на пачатку 2017 года Дзяржаўная дума Расеі дэкрыміналізавала пабоі ў сям‘і – у выпадку, калі яны здарыліся ўпершыню. Зроблена гэта было, каб «уніфікаваць заканадаўства» і «умацаваць інстытут сям‘і».

Аднак ёсць краіны, якія таксама могуць пахваліцца глыбокімі хрысціянскімі традыцыямі і славянскім радаводам і пры гэтым маюць закон аб супрацьдзеянні хатняму ґвалту. Напрыклад, Польшча. У Польшчы права абараняе не толькі ахвяраў збівання, але і псіхічнага ціску, сексуальнага ґвалту ды эканамічнага прымусу – калі мужы пазбаўляюць жонак сродкаў на ўтрыманне або дзеці сілай забіраюць пенсіі ў сваіх старых бацькоў.

Насуперак заявам крытыкаў, да распаду польскай сям‘і закон аб супрацьдзеянні ґвалту не прывёў. Наадварот, ён прыцягнуў увагу людзей да важнай праблемы.

Рэната Дурда, Цэнтра дапамогі ахвярам гвалту ў сямʼі «Блакітная лінія», Варшава:

«Людзі кажуць, што дзяржава не павінна зашмат умешвацца ў жыццё сям’і, але дзяржава павінна ўмешвацца, там, дзе грамадзяніна крыўдзяць. Калі грамадзяніна крыўдзяць на вуліцы, то дзяржава за яго заступаецца, а калі грамадзяніна крыўдзяць ва ўласным доме – то дзяржава не павінна моўчкі назіраць».

Насуперак кіраўніку дзяржавы, праблему ґвалту ў сямʼі лічаць актуальнай нават у больш традыцыйнай беларускай правінцыі. Жыхары Глыбокага прапаноўваюць свой спосаб барацьбы з праблемай.

Жыхары Глыбокага:

«Мужы ў шмат каго пʼюць, таму, я думаю, магчыма, і бʼюць жонак».

«Алкагольныя напоі трэба менш спажываць, каб не было хатняга гвалту».

«Калі дзеці гадуюцца ў гвалце, яны ўсё бачаць, а капіююць на сваю сямʼю».

Эксперты з сумам прагназуюць, што закон аб супрацьдзеянні хатняму ґвалту будзе адкладзены да лепшага часу. Праваабаронцам і праваахоўнікам прыйдзецца працаваць у межах цяперашняга заканадаўства, а ахвярам ґвалту ў сямʼі – цярпець здзекі.

Аляксандр Папко, belsat.eu