Пратаколы і затрыманні не спыняюць абаронцаў Курапатаў


Курапаты працягваюць заставацца ў цэнтры ўвагі – акцыі пратэсту не спыняюцца нягледзячы на затрыманні актывістаў і складанне на іх пратаколаў міліцыянтамі. За развіццём падзеяў сочыць Зміцер Міцкевіч.

Дванаццаты дзень працягваюцца акцыі пратэсту перад рэстаранам «Паедзем паямо», які адкрыўся практычна ва ўрочышчы «Курапаты». Прадстаўнікі грамадскай супольнасці збіраюцца ўздзейнічаць на ўладальнікаў аб’екту ўсімі законнымі метадамі.

Пачынаючы з сённяшняга дня абаронцы Курапатаў плануюць дзяжурыць каля рэстарацыі «Паедзем паямо» увесь яго працоўны час – з 12 да 24 гадзіны. Сем арганізацыяў будуць па чарзе адпраўляць групы сваіх прадстаўнікоў, каб акцыя пратэсту не спынялася: «Альтэрнатыва», рух салідарнасці «Разам», БХД, БНФ, «Малады фронт», «Еўрапейская Беларусь» і КХП-БНФ.

«Звычайныя людзі сюды ўсё-такі не прыходзяць. Сюды ідуць людзі, якія ідэалагічна ўжо настроеныя, што тут такая рэстарацыя працуе, ці ідуць на нейкую правакацыю. Мы спрабуем з імі спрачацца, пераконваць, даводзіць нашую думку, выдаем нашыя матэрыялы», – кажа Алег Корбан, кіраўнік грамадскага аб’яднання «Альтэрнатыва».

Канструктыўны дыялог лідары абаронцаў Курапатаў сёння паспрабавалі правесці і з уладальнікамі рэстарацыі – «Белновотекс груп». Аднак, калі актывісты прыйшлі да офісу кампаніі, іх туды проста не пусцілі – супрацоўнікі зачыніліся.

«Я перакананы: яны глядзяць стрымы, сочаць за гэтай інфармацыяй, але яны хаваюцца, як злачынцы. І ад гэтых людзей мы хочам запатрабаваць: зачыняйце і пераносьце свой рэстаран на касцях, яму ў Курапатах не месца», – кажа сустаршыня БХД Павел Севярынец.

Менавіта такое меркаванне выказвала раней як Міністэрства культуры, гэтак і Генеральная пракуратура, якая прызнавала незаконнай будоўлю ў ахоўнай зоне яшчэ ў 2012 годзе. Тады «Белновотекс груп» самавольна пачала забудову тэрыторыі пад забаўляльны цэнтр, хоць першапачаткова павінна была будаваць аб’ект прыдарожнага сэрвісу ў цалкам дазволеным месцы. А праз пэўны час межы ахоўнай зоны ў абыход практычна ўсіх афіцыйных працэдураў былі змененыя роўна пад забудаваны комплекс.

«На ўсіх дакументах было ўказана, што гэта ахоўная зона. І тут раптам не царкву будуюць, а забаўляльны цэнтр. Гэта цынізм улады!» – абураецца грамадская актывістка Вольга Нікалайчык.

«Сярод супрацоўнікаў міліцыі, нават у цывільным, якія тут ёсць, ёсць разуменне таго, для чаго мы тут. Нават супрацоўнікі ДАІ кажуць, што «мы разумеем, чаму вы тут знаходзіцеся, мы можа нават і падтрымліваем вас, але зразумейце нас правільна, нам трэба разабрацца, назавіце вашы дадзеныя, мы вось так працуем», – працягвае Алег Корбан.

Удзельнікі акцыі па абароне Курапатаў намераныя ўключыць менчукоў у кампанію актыўнага байкоту не толькі «Паедзем паямо», але і іншых рэстаранаў, якія належаць яго ўладальнікам: «Гранд Кушавель», «Тусэ», «The View». Таксама яны разлічваюць, што праблема хутка набудзе міжнародны рэзананс.

«Мы прынялі рашэнне звярнуцца да прэзідэнтаў Аўстрыі, Ізраіля, Польшчы, Нямеччыны, якія збіраюцца прыехаць 29 чэрвеня на адкрыццё мемарыялу «Трасцянец». Мы будзем запрашаць іх таксама і ў Курапаты – пакласці кветкі да курапацкіх крыжоў. І, канешне, мы спадзяемся, што будзе ісці размова і пра гэтую сітуацыю, бо Трасцянец і Курапаты – гэта адна тэма», – мяркуе Павел Севярынец.

Актывісты заяўляюць, што кампанія па абароне Курапатаў толькі распачынаецца, і проста так акцыі пратэсту не спыняцца.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu