Прасцей і танней пабудаваць новы будынак бальніцы, чым рамантаваць стары


Улады Бабруйску абвесцілі збор сродкаў на рамонт дзіцячай больніцы. Збіралі на прадпрыемствах і нават ладзілі дабрачынныя канцэрты. Аднак сабраць атрымалася няшмат. Мясцовыя актывісты сумняюцца ў мэтазгоднасці рамонту ды прапаноўваюць іншае развязанне.

На рамонт дзіцячай больніцы ў Бабруйску трэба не менш за 8 мільёнаў рублёў. За час своеасаблівага краўдфандынгу, што цягнецца ўжо больш за год, сабралі трыста тысячаў, яшчэ 200 знайшліся ў гарадскім бюджэце. Будынку ўжо пяцьдзясят пяць гадоў, а рамантавалі яго толькі аднойчы – яшчэ ў савецкі час. Таго, што сабралі, – наўрад ці будзе дастаткова на рамонт, мяркуюць мясцовыя актывісты.

«Грошы, якія збіраюцца на рэканструкцыю, іх папросту не хопіць, і яны пойдуць у нікуды. Я лічу, што прасцей пабудаваць новую больніцу сучасную», – выказвае меркаванне Ганна Ліннік, актывістка БХД.

Менавіта пад патрабаваннем пабудаваць новую, а не рамантаваць старую больніцу збіраюць подпісы актывісты БХД. Маўляў, стары будынак – замалы і не адпавядае патрэбам гораду, выказваюць меркаванне жыхары Бабруйску.

«Ну, сабралі гэтыя 270, здаецца, тысячаў. Нават дабрачынныя канцэрты нейкія праводзілі. Але паглядзіце: ні звонку, ні ўсярэдзіне нічога не змянілася».

«Хацелася б, каб у сучаснае перыяд абсталяванне адпавядала часу».

«Лекары заўсёды накіроўваюць нас у Магілёў ці ў Менск, бо, кажуць, там ёсць абсталяванне, якога няма тут. Хацелася б, каб і ў нас было такое абсталяванне».

Пасля збору подпісаў актывісты плануюць перадаць іх гарадскім уладам. Ужо 19 лістапада яны правядуць сход з кіраўніцтвам больніцы і мясцовымі чыноўнікамі, дзе паспрабуюць разам распрацаваць план пошуку сродкаў на будаўніцтва новай медычнай установы.