Прапаршчыка асудзілі за хабар, збіццё і катаванне токам


Гвалт у дачыненні да салдатаў, хабар, удары па галаве, ужыванне электрашокера. Былога прапаршчыка з Печаў Ігара Хішчанку пакаралі 5 гадамі зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

«Пракуратура Барысаўскага раёну падтрымала абвінавачанне адносна аднаго з камандзіраў вучэбнай роты 59 школы падрыхтоўкі спецыялістаў, якая ўваходзіць у склад 72 Аб’яднанага вучэбнага цэнтру ў Печах. Асоба вінаваціцца ў злачынствах карупцыйнай накіраванасці, у прыватнасці атрыманне хабару, а таксама перавышэнне службовых паўнамоцтваў», – заявіла старэйшы памочнік пракурора Барысаўскага раёну Кацярына Мельнікава.

Як Хішчанка патлумачыў свае паводзіны?

Кажа, што інакш не мог навесці дысцыпліну. У часе паседжання ён папрасіў прабачэння ў пацярпелых.

Вядома, што ў Печах за спакойную службу шарагоўцы плацілі камандзірам Br 20-40. У частцы 43064 затрымалі таксама прапаршчыка Артура Вірбала, у якога знайшлі банкаўскую картку загінулага Аляксандра Коржыча. Адносна Вірбала распачалі крымінальную справу паводле артыкулу махлярства.

Агулам за апошнія 4 гады за пазастатутныя дачыненні былі заведзеныя 70 крымінальных справаў. Пасля смерці Аляксандра Коржыча амаль адразу распачалі яшчэ 48 справаў.

«То што там было, бязмежжа і вымагальніцтва грошай. Але няхай усе жаўнеры пра гэта кажуць. Там усе салдаты ведаюць хто яго забіў, хто цягнуў і хто ёсць хто. Але яны баяцца сказаць, баяцца што адносна іх прымуць нейкія меры, пакуль яны знаходзяцца ў войску», – зазначыла Святлана Коржыч, маці загінулага жаўнера.

Пасля трагедыі Лукашэнка ўзяў справу пад кантроль

Ён жа прапанаваў не забіраць у войска адзінага сына з сям’і, але гэтая захада была адсунутая на ўзроўні Міністэрства абароны. Што да хады справы Коржыча, заведзеныя не менш за 13 крымінальных справаў, якія аб’яднаныя ў адную вытворчасць. Абвінавачанні выстаўленыя 10 асобам, у тым ліку 1 афіцэру.

«Калі адсутнічае сувязь паміж часткамі і вышэйшае кіраўніцтва не ведае, што адбываецца ў войску, то як гэта разумець? Гэта такая негатыўная вілка для беларускага ваеннага кіраўніцтва. Або мы ведаем і гэта пакрываем, або мы не ведаем, што ў нас адбываецца ў вайсковых частках. І тое дрэнна, і тое. І рэакцыя павінная быць: не змаганне з асобнымі праявамі дзедаўшчыны, а каб яе не было ў прынцыпе», – мяркуе вайсковы эксперт Дзмітрый Міцкевіч.

Аляксандра Коржыча, смерць якога ўскалыхнула ўсю краіну, знайшлі мёртвым летась 3 кастрычніка на тэрыторыі 72-га аб’яднанага вучэбнага цэнтру. Нягледзячы на тое, што прайшло амаль паўгода, следчыя так і не здолелі выбраць галоўную версію трагедыі. Дасюль разглядаецца і самагубства, давядзенне да самагубства і наўмыснае забойства.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»