Пракурор запрасіў 11 гадоў зняволення для няпоўнагадовых


11 гадоў зняволення просіць пракурор для дваіх падлеткаў з Гомля. Іх абвінавачваюць адразу паводле некалькіх частак наркатычнага артыкулу. Кацярына і Станіслаў вінаватасць прызналі часткова. Маці 16-гадовай дзяўчыны звярнулася да суддзі з просьбаю аб мякчэйшым выраку для дзяцей.

Артыкул 328. Кацярыне 16, Станіславу – 17 гадоў. У апошнім слове яны пашкадавалі пра зробленае, але вінаватасць прызналі часткова: не былі ў складзе арганізаванай групы, «псіхатропаў» не кралі.

Адвакат няпоўнагадовай пацвярджае – паляваць сілавікі маюць на вытворцаў наркотыкаў і арганізатараў сеткі збыту. Адвакат Кацярыны Аляксандр Мігуцкі кажа:

«Вось з гэтым трэба змагацца. Выяўляць тых, хто гэтым кіруе, прадукуе наркотыкі і псіхатропныя рэчывы. Але пэўна прасцей злавіць вось такіх і адрапартаваць, што вось мы раскрылі арганізаваную групу. А дзе арганізаваная група?»

Школьнікі прызналі толькі, што незаконна набывалі з мэтаю збыту, захоўвалі і перавозілі ды збывалі псіхатропныя рэчывы. Пільна сочаць за справаю медыі ды жанчыны, аб’яднаныя ў «Рух маці 328». Кажуць – 11 гадоў зняволення, якія просіць пракурор – гэта непрымальна.

«Тут бачна, што і аператыўнікі не спрацавалі дакладна, гэта ж чуваць! І сам пракурор кажа рэчы нейкія невыразныя. Наколькі будзе аб’ектыўным суд, будзе бачна на наступным паседжанні. Пакуль я бачу, што менавіта следчых парушэнняў вельмі шмат, недаказаных рэчаў», – распавядае Таццяна Канеўская, Рух маці 328.

Неўстаноўленыя асобы, неўстаноўленыя месцы, арганізаваная не вядома кім група… На наступным паседжанні суд агучыць вырак, таму маці падсуднай прасіла «не ламайце дзіцячых лёсаў».

«Паўплываць на суд мы не можам, але я звяртаюся да ўсіх беларусаў – мы можам паўплываць на Следчы Камітэт, можам паўплываць на Пракуратуру, паўплываць на законы», – мяркуе Таццяна Канеўская, Рух маці 328.

Маці зняволеных за наркотыкі на вялікія тэрміны пішуць петыцыі, сустракаюцца з дэпутатамі, звяртаюцца да кіраўніка Беларусі з тым каб зменшыць адказнасць для дробных удзельнікаў наркатычнага гандлю і распачаць сапраўдную лоўлю – буйных.

Юлія Цяльпук belsat.eu