Прафсаюзны актывіст: «Хочуць звольніць». Кіраўніцтва заводу: «Хлусня!»


Гарадзенцы добра памятаюць, як у лістападзе кіроўца 21-га маршруту спыніў аўтобус на мосце і на вачах у пасажыраў скочыў у Нёман. Мужчына выжыў, але трапіў у шпіталь у цяжкім стане. Спатрэбілася трагедыя, каб грамадства даведалася аб перапрацоўках кіроўцаў.

Некалькі чалавек пры дапамозе незалежнага прафсаюзу РЭП змаглі праз суд звольніцца з кампенсацыяй ад аўтапарку.

Кіроўцам дапамог прафсаюзны актывіст

Анатоль Мышкевіч, мантажнік з «Белкарду» – Гарадзенскага заводу карданных валаў. Каб прадстаўляць кіроўцаў у судзе, Анатоль браў на працы адгулы.

«Я напісаў звальняльную запіску, папярэдзіў кіраўніцтва і паехаў на суд падаць дакументы. Як вярнуўся, кіраўніцтва сказала, што адразу пазванілі на завод з прэтэнзіямі, чаму ваш працаўнік на судзе, рабіце што хочаце, каб 28-га яго там не было», – узгадвае Анатоль.

Мужчыну неафіцыйна папярэдзілі

Папрасілі, каб кінуў сваю актыўную дзейнасць, бо не працягнуць кантракт.

«Ідэолаг падыходзіў да майго месца працы, цікавіўся, як я працую, чым жыву. Ён казаў, што варта ад мяне пазбаўляцца, бо хутка я пачну капаць пад «Белкард», а там парушэнняў не менш, чым у аўтапарку», – сведчыць спадар Мышкевіч.

«Яны вырашаюць так: лепш пазбавіцца ад чалавека, які паднімае гэтыя пытанні. Пазбавіцца ад чалавека і ўсё: і сродкі засталіся ў іх у кішэнях, і ціха стала», – тлумачыць актывіст з прафсаюзу РЭП, Мікола Салянік.

Сапраўды, Анатоль зацікавіўся ўмовамі працы на «Белкардзе».

Завод працуе ў 3 змены, сталовая працуе толькі ў будні да 15-й гадзіны. Мышкевіч напісаў заяву з просьбай купіць для працаўнікоў мікрахвалёўкі і электрачайнікі.

Некалькі калегаў паведамілі Анатолю, што іх прымушаюць падпісваць заявы, каб пятніца была выходным за свой кошт. Нібыта людзі працуюць па 20 дзён, а на паперы 16, і ў выніку сярэдні заробак за дзень выходзіць вышэй.

У дырэкцыі «Белкарду» просяць не палітызаваць

Маўляў, грамадская дзейнасць Анатоля Мышкевіча – ягоная асабістая справа.

«Гэта ўсё прыдумкі і хлусня. Так можаце і напісаць… У нас стаўленне да ўсіх працаўнікоў аднолькавае. Ёсць прычыны, паводле якіх працаўнік можа выйсці з прадпрыемства. Ёсць, паводле якіх непажадана… На гэты момант у яго не было ніводнага пакарання, ніякага звальнення на гэты момант не плануецца, бо няма за што яго звальняць…Калі захоча працаваць, то хай працуе», – даводзіць намеснік дырэктара «Белкард» па ідэалогіі і кадрах Юрый Бекіш.

Хто кажа праўду?

Стане ясна, калі прыйдзе час падпісваць кантракты. У Анатоля няма дысцыплінарных парушэнняў і шкодных звычак. Але аддзел ідэалогіі і кадраў займаецца чамусьці менавіта ім.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».