Прафесійную пісьменніцу залічылі ў спіс «дармаедаў»


Гэтак гомельская камісія ў пытаннях занятасці вырашыла ў дачыненні Людмілы Багданавай, больш вядомай пад псеўданімам Ніка Ракіціна. Аўтарка праз некалькі месяцаў дасягне пенсійнага ўзросту, і тады пад дзеянне дэкрэту трапляць не будзе. Аднак пакуль жанчыне даводзіцца плаціць за камунальныя ўтрая больш, чым суседзям.

Гісторыя Людмілы Багданавай ужо абляцела інтэрнэт. Дзесяць гадоў таму жанчына пакінула афіцыйную працу і пачала пісаць фэнтэзі. На кнігах шмат не заробіш, таму фінансава адказны ў сям’і муж. Але для дзяржавы Людміла – незанятая ў эканоміцы, і за жыроўку ўся сям’я мусіць плаціць прынамсі ўтрая больш за суседзяў.

Леанід Судаленка, праваабаронца, Гомель:

«Гэта не праблема Марыі Тарасенкі, гэта не праблема ў дадзеным выпадку Людмілы Багданавай. Гэта праблемы гэтых паўмільёна грамадзянаў, якіх улады залічылі ў гэтак званыя «працаздольныя незанятыя ў эканоміцы». І трэба, каб усе звярталіся ў суды. Але кагосьці вызвалілі, хтосьці ціха плаціць, але праблема ж застаецца».

Паводле апошняй версіі ўладаў, у спісе дармаедаў значылася больш за 425 тысячаў чалавек. Улады прагназавалі, што з іх 54 тысячы атрымаюць дармаедскія жыроўкі. Але на практыцы дакладная лічба дагэтуль не вядомая – спіс мае вялікую колькасць памылак і выпадковасцяў.

Людміла Багданава, пісьменніца:

«Нармалёвую працу вельмі цяжка знайсці, асабліва па спецыяльнасці. А страціць даволі лёгка. Адмовішся ад падпіскі, з табой не працягнуць кантракт. Таму гэта не толькі мая праблема. А яна датычыць абсалютна ўсіх працоўных тут грамадзянаў».

У выніку Судаленка пайшоў пратораным шляхам – скарга ў Гомельскі гарвыканкам на дзеянні камісіі. У ёй пазначанае парушэнне Канстытуцыі: праца класіфікуецца як права, а не абавязак. Пры гэтым удзел жанчыны ў эканоміцы абумоўлены пакупкамі ў краме і аплатаю сувязі – праз аплату падатку на дададзеную вартасць.

Калі ўсё пойдзе паводле закону, Людміла спакойна вернецца да напісання кнігаў. Калі не, то чакаюцца далейшыя суды ды інфармаванне міжнародных інстытутаў.

Алесь Залеўскі, belsat.eu