З сённяшняга дня падаражэлі некаторыя паслугі Беларускай чыгункі. Наколькі гэта ударыць па кішэнях беларусаў? Тарыфы падняліся на 20–36 адсоткаў. У выніку – амаль неадчувальна.
Квіток, напрыклад, да Гомлю падаражэў на 4 капейкі, а кошты на праезд у рэгіянальных электрацягніках засталіся практычна без зменаў. Квіткі на цягнікі ў Беларусі традыцыйна застаюцца аднымі з самых танных у Еўропе. А што думаюць людзі, ці танна ім ездзіць у электравіках, давайце запытаем.
«Цэны за ровар і чалавека – 70 капеек. Я думаў, ужо няма такіх коштаў».
«Я думаю, што цана – якасць за такі кошт нармальная».
«Як на пенсіі, то атрымліваецца танней ехаць па чыгунцы чым па горадзе».
«Даступна, нармальна, усё задавальняе, абслугоўванне таксама выдатнае ў касах, хутка ўсё».
«Электрычкі працуюць добра, можа быць, якія-небудзь дадатковыя паслугі каб былі, напрыклад, продаж марозіва».
Паводле Міністэрства гандлю і антыманапольнага рэгулявання тарыфы павялічылі, каб
зменшыць стратнасць паслуг. Але наколькі яны насамрэч стратныя і ў чым сапраўдная прычына падаражэння праезду – невядома, кажа эканаміст Яраслаў Раманчук.
«Беларускія манапалісты ніколі не даюць вельмі празрыстага зразумелага аўдыту або балансу даходаў і выдаткаў. Таму мы можам сказаць, што проста нейкім чыгуначным начальнікам не хапае грошай на нейкія свае праекты» – кажа кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.
Тры гады таму Беларуская чыгунка ўваходзіла ў спіс самых стратных кампаніяў Беларусі. Летась,
аднак, паводле справаздачы гэтага прадпрыемства, чысты прыбытак склаў 28 мільёнаў рублёў. Для параўнання, два гады таму чысты прыбытак быў у 4 з паловаю разы вышэйшы.