Праеўрапейскія сілы абʼядналіся супраць французскага Трампа


Макрон паставіў усё на адную карту і не пралічыўся

Летась ён свядома пакінуў пасаду міністра эканомікі, каб стварыць новы, уласны, палітычны рух «Наперад». Не маючы ніякай партыйнай структуры, ён здолеў перагуляць на выбарах такіх кітоў французскае палітыкі, як былы прэмʼер краіны рэспубліканца Франсуа Фіён ці лідар сацыялістаў і былы міністр адукацыі Бэнуа Амон.

«За адзін год мы змянілі твар усёй французскай палітыкі», – зазначыў лідар прэзідэнцкай гонкі.

Пры небывала высокай яўцы 80 %, амаль чвэрць галасоў выбарнікаў 23,75 % дала Макрону лідарства ў першым туры. Другое месца – 21,53 % за скандальна-вядомаю кіраўніцаю «Нацыянальнага фронту» – Марын Ле Пэн. Менавіта гэтым двум палітыкам наканавана сустрэцца праз два тыдні ў другім туры плебісцыту. Але ўсе сацыялагічныя апытанні кажуць пра тое, што праціўніца Еўразвязу прайграе маладому еўраатлантысту з адрывам на 20-25 % галасоў.

Ле Пэн не думае здавацца

Дзень яна пачала з атакаў на свайго апанента на тэму тэрарыстычнай пагрозы.

«Калі казаць пра важнае пытанне ісламісцкага тэрарызму, то тут спадар Макрон вельмі слабы. Дзень пасля апошняй атакі ён прызнаўся што не меў нейкай адмысловай праграмы супраць тэрарызму. Вось вам і кандыдат на прэзідэнта які не мае плану на абарону французаў ад ісламскага тэрору. Даволі трывожны знак», – раскрытыкавала Макрона Ле Пэн.

Шэраг экспертаў, у тым ліку і экс-кіраўнік антытэрарыстычнае групы ў Францыі Жак Пано, лічаць, што пагроза тэрактаў падчас выбараў вельмі высокая. Адмысловец нагадвае, што на пачатку красавіка ў Марсэлі затрымалі дваіх радыкальных ісламістаў, якія рыхтавалі тэракт падчас фіналу выбарчае кампаніі.

Еўропа і французскі істэблішмент: няхай Макрон, абы не Ле Пэн

Што да кандыдатаў, то еўрапейскія лідары, брусельскія чыноўнікі і нават былы пратэжэ Макрона – прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд – наперабой віншуюць пераможцу першага туру. А ўжо былыя супернікі па выбарах Франсуа Фіён і Бэнуа Амон заклікаюць сваіх выбарнікаў галасаваць менавіта за яго. Пры такім раскладзе дапамагчы Марын Ле Пэн вырвацца наперад можа толькі цуд. Ці не толькі?

«У 2015 годзе актывіста «Нацыянальнага фронту» асудзілі за тое, што ён сам падпаліў 13 машынаў у прыгарадзе Парыжу. Сам падпаліў, а пазней будаваў кампанію на тым, што ў нас тут небяспечна, мігранты і так далей. Нажаль, магчымыя і вось такія правакацыі», – мяркуе Анастасія Кірыленка, расейская журналістка-расследніца з Парыжу.

У Крамлі лідарства Макрона сустрэлі стрымана

Дзмітрый Пяскоў абвесціў, што Масква з павагаю ставіцца да выбару французаў. Але ўсе памятаюць, хто з пераможнага дуэту гасціў месяц таму ў Расеі ды сустракаўся з Уладзімірам Пуціным. Чыёй партыі расейскія банкі даюць крэдыты і за каго непрыхавана заўзеюць усе федэральныя тэлеканалы. Стаўка Крамля на Ле Пэн – гэта спроба выйсці з ізаляцыі ды падкласці чарговую міну пад еднасць Еўразвязу.

З Беларуссю ж усё не так адназначна

Нягледзячы на тое, што Аляксандр Лукашэнка нядаўна казаў аб зацікаўленасці нашае краіны ў моцным і адзіным Еўразвязе, магістр паліталогіі Страсбурскага ўніверсітэту Алесь Лагвінец кажа, што пры існым курсе ўладаў спадзявацца нам асабліва няма на што:

«Поспех у Беларуска-Еўразвязаўскіх дачыненняў абумоўлены пазіцыяй Менску. ЕЗ гатовы працаваць з незалежнай дэмакратычнай Беларуссю, якая хоча збліжацца а не толькі гандлявацца пад пратэктаратам Расеі і шукаць грошы на працяг існавання дзейнага рэжыму».

Да фіналу прэзідэнцкай кампаніі ў Францыі яшчэ два тыдні

Апроч Эманэля Макрона, ёсць ужо і іншыя пераможцы гэтых выбараў. Гэта еўрапейскія рынкі і агульная валюта – еўра, якія на фоне навінаў з Парыжу адзначыліся сёння заўважным узростам. Што праўда, фінансісты нагадваюць, у справе апошніх выбараў у ЗША ды брэкзіту біржы за свайго часу рабілі памылковыя стаўкі.

Ігар Кулей, «Белсат», фота: Jean-François Frey / Photopqr / L’alsace / Maxppp / Forum