Прадпрымальніца з Пінску адсудзіла ў падатковай паўмільёна долараў


Вярхоўны Суд стаў на бок прадпрымальніцы з Пінску, якой мясцовыя падаткавікі налічылі штраф памерам паўмільёна долараў.

Падаткавікам не спадабалася дамова

Адказніца Таццяна Цібец на судовае паседжанне не прыйшла, засталася ў Пінску з дачкою, якой споўніўся толькі месяц. Сутнасць справы «Белсату» патлумачыў ейны бацька. Пінскія падаткавікі прычапіліся да дамовы паміж ІП і прыватным прадпрыемствам «ТТТ-Буд». Паводле падаткавікоў дамову бакі падпісалі ў 2008 годзе. Адказніца цвердзіла, што гэта адбылося значна пазней.

«Мы сцвярджаем, што пячатка была вырабленая ў 2011 годзе, яна не магла стаяць на дакуменце 2008 года. Падатковая: магчыма вы паставілі потым, ну магчыма ўсё ў гэтым свеце, але як яна магла там з’явіцца?», – даводзіць бацька прадпрымальніцы Леанід Цібец.

Сума штрафу – усе сродкі за ўвесь час існавання бізнесу

Леанід кажа, што не разумее матываў падатковай інспекцыі. Ніякае старты дзяржава не зазнала, былі сплочаныя ўсе падаткі, але нягледзячы на гэта працаўнікі падатковай інспекцыі пастанавілі аштрафаваць Таццяну Цібец на суму гандлёвага абароту з моманту ўтварэння ейнага бізнесу. На карысць дзяржавы яе папрасілі сплаціць паўмільёна долараў. Пра памер штомесячнага абароту распавядае бацька Таццяны.

«Гэта дзве тысячы долараў абарот у месяц. З гэтага трэба зарабіць чыстымі колькі, 300. У нас рэкамендуюць зарабляць па 500. Мы гатовыя зарабляць, але не такім чынам».

У бядзе дапамагла «Перспектыва»

Таццяна Цібец мае ў Пінску краму будаўнічых тавараў. Прэтэнзіі з боку падаткавікоў да яе бізнесу з’явіліся яшчэ паўгода таму. Перад разглядам справы ў Вярхоўным Судзе яна звярнулася ў аб’яднанне «Перспектыва», якое прыцягнула ўвагу медыяў да справы.

«Да дадзенай справы суды першай і другой інстанцыі падышлі вельмі фармальна і не вывучылі ўсіх доказаў, не былі апытаныя сведкі, не была дадзеная ацэнка ўсім довадам адказчыка», – тлумачыць поспех адвакатка Юлія Куцер.

«Калі вы застаяцеся адзін на адзін з праблемаю, то ў вас шанцаў мала. Калі звяртацца да прафесіяналаў да вырашэння сваіх праблем, то шанцы павялічваюцца і нам усё пад сілу. Гэта была б трагедыя, калі б мы не адстаялі сям’ю з Пінску», – мяркуе Анатоль Шумчанка, лідар «Перспектывы».

У выпадку, калі б суд стаў на бок падаткавікоў і прымусіў пінскую прадпрымальніцу сплочваць штраф памерам паўмільёна долараў, рэшта штрафу магла дастацца ў спадчыну дзецям Таццяны Цібец. Такія беларускія законы.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»