Прадпрымальніку падарылі ўчастак з руберойдным сметнікам на 20 000 тонаў


Журжава – раён на паўночным усходзе Віцебску. Тут месціцца асноўная пляцоўка свабоднай эканамічнай зоны «Віцебск», што прываблівае бізнесоўцаў ільготным падаткаабкладаннем і адмысловым рэжымам валютнага ды мытнага рэгулявання. Толькі вось у дадатак да бонусаў адзін з рэзідэнтаў атрымаў і гару бітумных адкідаў. Так бы мовіць, у спадчыну ад былога арандатара.

Андрэй Нікольскі, дырэктар «Рэсайклінг Трэйд»: «Ён ужо атрымаў за гэта грошы, цяпер, калі ён яе не перапрацоўвае, яму гэта не цікава».

Тым ня менш пры продажы ўчастку былы гаспадар, уладальнік прадпрыемства «ВітЭкаРэсурс» Аляксандр Сакалоў нават пісьмова запэўніваў, што вывезе з тэрыторыі ўсе 20 000 тонаў руберойду. Абяцання ня выканаў дасюль. Хаця летась у сакавіку суд пастанавіў вызваліць зямельны надзел ад смецця. Да развязання праблемы далучыліся грамадскія актывісты.

Таццяна Севярынец, актывістка «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі»: «Ёсць рашэнне суда, як мы сёння даведаліся, пракуратуры, ёсць прадпісанне дэпартаменту па выкананні пакаранняў, але, тым не менш, чалавек не збіраецца ні вывозіць, ні апрацоўваць, ні перапрацоўваць тое, што ён тут пакінуў».

Гэтак ужо больш за год новы ўладальнік – кампанія «Рэсайклінг Трэйд» – ня можа распачаць сваёй дзейнасці. Прадпрыемства акурат мусіць займацца экалагічнаю перапрацоўкай адкідаў, што ўтрымліваюць гуму і бітум. А таму, паводле дырэктара Андрэя Нікольскага, сметнішча руберойду яны маглі б перапрацаваць самастойна, але ня маюць дазволу.

Андрэй Нікольскі, дырэктар «Рэсайклінг Трэйд»: «Нам экалогія не дае дазволу. Нам адмовілі ў гэтым, бо гэта куча як бы не нашая. Яна ім належыць, яны яе вывозяць. Чым гэта ўсё скончыцца, мы не ведаем».

Аляксандр Сакалоў, што ня вывез і не перапрацаваў руберойду, прымаў адкіды ў прадпрыемстваў за грошы для далейшай утылізацыі цягам ажно сямі гадоў. Цяпер актывістам стала вядома, што Сакалоў збірае бітум нібыта таксама для ўтылізацыі ўжо на Гарадзеншчыне, у Капцёўскім сельсавеце.

Таццяна Севярынец, актывістка «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі»: «Хто за ўсім гэтым стаіць? Чаму гэтаму прадпрымальніку, які нарабіў гэта пад Віцебскам, цяпер – пад Горадняю, складуе бітум, складуе гэтыя небяспечныя адкіды, яму дазволена ўсё».

Між тым, пакуль уладальнік сметнішча пазбягае пакарання, руберойд стварае небяспеку для наваколля, адзначаюць эколагі. Сыравіна пажаранебяспечная, а прадукты яе гарэння ўтрымліваюць моцныя канцэрагены.

Юлія Лабанава, «Белсат»