Прадпрымальнікі пад ціскам


Працягваецца ціск на прадпрымальнікаў у маленькіх гарадах. У маладзечанца Дзмітрыя Мурзіна міліцыя забрала ўсю прадукцыю з выявай Пагоні.

Індывідуальны прадпрымальнік Дзмітрый Мурзін мае ў Маладзечне невялікі бізнес. Робіць фота, дае друкарскія паслугі і прадае сувеніры.

«Таксама я займаўся размяшчэннем выявы Пагоні, гэта не супрацьзаконна, пра што я ўсім людзям казаў», – паказвае офіс Дзмітры Мурзін.

Прадукцыя з Пагоняю карысталася папулярнасцю. Аднак у нядзелю бізнесоўца наведалі прадстаўнікі праваахоўных органаў. Вінчэстар ад працоўнага камп’ютара, а таксама ўсю прадукцыю з выяваю Пагоні міліцыянты забралі з сабою.

«Мы зараз пакуем, лічым і фатаграфуем у вашай прысутнасці, па заканчэнні вядзення працэсу будзе прынятае рашэнне: накіраваць матэрыял у суд або мы спыняем працэс і вяртаем вам», – кажа адзін з міліцыянтаў.

Пры гэтым ніякіх дакументаў міліцыянты прадпрымальніку не пакінулі. Такі ціск Дзмітрый звязвае са сваёй грамадзянскаю пазіцыяй. У жніўні мужчыну прысудзілі 20 содняў адміністратыўнага арышту.

«Мяне этапавалі ў горад Слуцк, дакладней – пад Слуцк, а потым мой сын Мурзіла Уладзіслаў быў таксама асуджаны на 12 сутак адміністратыўнага арышту ў сувязі з тым, што проста ўшанаваў памяць Рамана Бандарэнкі», – кажа Дзмітры Мурзін.

На мінулым тыдні ціск адчуў і смаргонскі прадпрымальнік Рамуальд Улан. Яго пакаралі двума з паловаю гадамі «хіміі» за паклёп. Мужчына абскарджвае рашэнне ў Гарадзенскім абласным судзе. Паседжанне адбудзецца напрыканцы студзеня.

«Калі яны падтрымаюць смаргонскі вырак суда, то я павінен буду на «хімію» паехаць. Адмовяць – верагоднасць 1-2 %, то тады добра, можа, на новы разгляд перашлюць, зноўку пачнецца гэтая катавасія», – кажа прадпрымальнік Рамуальд Улан.

Больш за сотню смаргонцаў падпісалі ліст на ягоную абарону. Суд першай інстанцыі пастанавіў выплаціць 2700 рублёў грашовай кампенсацыі міліцыянтам, большую частку гэтай сумы ўжо ахвяравалі смаргонцы.

Адчуў на сябе вялізарнае падтрыманне людзей і гарадзенскі прадпрымальнік Андрэй Несцяровіч. У снежні ягоную краму «Цудоўня» пазбавілі памяшкання. Неўзабаве бізнесовец знайшоў новае.

«Працягваем існаваць, не ведаючы, на як доўга ў гэтым новым месцы, хочацца вярнуцца на старое, але зразумела, што вярнуцца на старое атрымаецца, толькі калі сітуацыя памяняецца, але тым не менш мы жывыя, мы сябе адчуваем нядрэнна», – кажа гарадзенскі прадпрымальнік Андрэй Несцяровіч.

Маладзечанец Дзмітрый Мурзін таксама пакуль працягвае сваю дзейнасць. І чакае канца дзесяцідзённага тэрміну. Тады стане вядома, ці распачалі міліцыянты супраць яго адміністратыўны працэс.

Наста Кахановіч, «Белсат»

Банер у падтрымку незалежных журналістаў