Аб'ектыў 01.03.2017 Прадпрымальнікам дазволяць працаваць без накладных?


Дазволіць індывідуальным прадпрымальнікам працаваць без накладных. Такую рэкамендацыю падала ў адміністрацыю Лукашэнкі рабочая група па стымуляванні дзелавой актыўнасці, у якой працуюць прадстаўнікі бізнесу і профільных міністэрстваў. Якія яшчэ ліберальныя захады абяцаюць улады?

Эканамічная лібералізацыя – пытанне выжывання краіны

Да гэткай высновы прадстаўнікі ўладаў і бізнесу прыйшлі на 18-й Асамблеі дзелавых колаў, якая адбылася сёння ў Менску.

На Асамблеі працавалі звыш чатырохсот дэлегатаў. Паводле арганізатараў, сёлетняе мерапрыемства сабрала беспрэцэдэнтную колькасць дзяржаўных чыноўнікаў, а міністр эканомікі Ўладзімір Зіноўскі анансаваў шэраг радыкальных ліберальных захадаў.

«Плануецца зняць абмежаванні на адкрыццё рахункаў у замежных банках і поўная адмена абавязковага продажу валютнай выручкі», – абнадзеіў спадар Зіноўскі.

Прадстаўнікі дзелавой супольнасці адзначаюць, што цяпер чыноўнікі ня толькі наведваюць мерапрыемствы бізнес-асацыяцыяў, але і актыўна прыслухоўваюцца да іх прапановаў у рамках рабочай групы, створанай Аляксандрам Лукашэнкам 13-га студзеня.

«Пасля першага ж паседжання рабочай падгрупы па грамадскім харчаванні, гандлі і паслугах згенеравана больш за 40 прапановаў, якія прызнаныя ўзгодненымі і будуць адпраўленыя, найбліжэйшым часам, на адрас адміністрацыі прэзідэнта», – зазначыў Віктар Маргелаў з Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва.

Прапановаў шмат, прыслухоўваюцца мала

Яшчэ сотні прапановаў па паляпшэнні дзелавога клімату былі прэзентаваныя сёння ў абноўленай Нацыянальнай платформе бізнесу – дакуменце, распрацаваным камерсантамі пры ўдзеле чыноўнікаў. Адзін з распрацоўнікаў Платформы Антон Болтачка канстатуе, што некаторыя ранейшыя прапановы ўлады ўжо выканалі, але толькі невялікую іх частку.

Паралельна з павольнай лібералізацыяй ішоў адваротны працэс. Гэтак адбывалася пасля 2010 году, калі Лукашэнка выдаў дырэктыву № 4 з гучнай назвай «Аб лібералізацыі бізнесу».

«Калі ўзяць тое, што было зроблена за апошнія 6 год – дырэктыва № 4. І для яе было распрацавана 134 пастановы Савету Міністраў – для рэалізацыі гэтай дырэктывы. А на другую чашу вагаў паставіць тое, што было зроблена для пажарстачэння бізнесу – і 222-і ўказ, і ілжэпрадпрымальніцтва. То гэтая чаша пераважыць. Апынулася, што дырэктыва нумар чатыры гэта – усяго толькі дымавая завеса», – тлумачыць прадпрымальнік Анатоль Змітровіч.

Паводле Змітровіча, на практыцы сітуацыя для бізнеса працягвае пагаршацца. Бо неплацяжы з боку дзяржпрадпрыемстваў, а таксама выкарыстоўванне штрафаў як сродку папаўнення бюджэту ніхто не адмяняў і пакуль адмяняць не збіраецца.

Станіслаў Івашкевіч, Менск, фота: TopFoto / Forum

Глядзі таксама
Каментары