Прадпрымальнік ужо 10 дзён галадае ў цырульні


Яшчэ вісіць шыльда «Ірыс», але цырульня ўжо не працуе, дзевяцярых працаўнікоў звольнілі, у памяшканні цяпер – толькі ўладальнік бізнесу. Ужо 10 дзён Анар Іваноў трымае галадоўку. Пайсці на гэты адчайны крок яго вымусілі некалькі прычынаў.

«Па-першае, памяшканне яны не рамантуюць як уласнікі, і яно ўжо развальваецца, па-другое, яны арэнду падымаюць не па-чалавечы ў любы момант…» – распавядае Анар Іваноў, галадоўнік, індывідуальны прадпрымальнік.

І трэцяя прычына таксама датычыць памяшкання на Маскоўскім праспекце 66, якое прадпрымальнік арандуе ўжо 20 гадоў. Яго ўласнік – Віцебскі гарвыканкам, якому, як мяркуе наймальнік, нерухомасць перайшла ў выніку карупцыйнай схемы.

«Гэтым памяшканнем раней валодаў «Гарант», яно яму дасталася яшчэ пры Савецкім Саюзе. Ад прыватызацыі яны адмовіліся на карысць дзяржавы. Хаця лагічней быць уласнікам і не плаціць арэнду», – дадае галадоўнік.

Добраахвотнае адмаўленне ад уласнасці і бясплатную перадачу памяшкання Анар Іваноў палічыў карупцыйнаю схемаю ды звярнуўся ў суд з пазовам аб непрызнанні гэткай дзяржаўнай рэгістрацыі. Але дакументы вярнулі за адсутнасцю фактаў. А месяц таму бізнесоўца атрымаў іншыя дакументы… пра банкруцтва сваёй фірмы.

«Фонд сацыяльнай абароны падаў праз стары доўг 2015–2016 года. Я не выплачваў, я не мог выплочваць, бо не здзяйсняў дзейнасці, я пераходзіў у іншую дзейнасць – адчыняў цырульні», – кажа Анар Іваноў.

Тады гэты доўг замарозілі, а цяпер, акрамя сумы доўгу, налічылі немалую пеню, якой прадпрымальнік не ў стане адразу сплаціць.

«З 1996 года ўсё аплачана, а тут яны не пайшлі мне насустрач – трэба збанкрутаваць чалавека, усіх выгнаць на вуліцу», – гаворыць прадпрымальнік.

Пра падставы такога рашэння мы запыталі таго, хто прызнаў прадпрыемства Іванова банкрутам.

«Ён працаваў і ў той жа час дэкларацыі не падаваў, ніякіх даўгоў не сплачваў, ніводнай капейкі на рахунак не паклаў, а кажа, што яго неабгрунтавана падалі. У яго даўгоў поўна, а ён ніводнай капейкі не клаў на рахунак. Ён клаў на нейкую асабістую картку, пералічваў, куды лічыў патрэбным», – каментуе Яўген Бірукоў, кансалтынгавая кампанія «Фінансгруп».

Два бакі – дзве праўды. Але ці не варта шукаць кампрамісу?

«Замест таго каб дзяржава дапамагла малому бізнесу, можа, даравала б нейкія пазыкі, падтрымала вызваленнем ад падаткаў, каб прадпрымальнік мог развіваць свой бізнес, ствараць працоўныя месцы, дзяржава што робіць? Наязджае, перашкоды розныя робіць», – тлумачыць праваабаронца Павел Левінаў.

Праваабаронца мяркуе, што ў гэтай сітуацыі галадаванне Іванова не дапаможа, як і два папярэднія.

Вольга Старасціна, belsat.eu