Прадаўцы цюльпанаў распавялі, якія колеры разбіраюць адразу


Напярэдадні свята ў Менску можна знайсці каля 200 пунктаў продажу кветак. Ілюстратыўнае фота – Sergei Bobylev / TASS / Forum

Напярэдадні восьмага сакавіка кошт аднаго цюльпану ў сталіцы дасягае трох рублёў.

Дзень сёння хмарны, але падвышае настрой колькасць кветак – на прылаўках і ў руках людзей. Заўтра – Міжнародны жаночы дзень. Мы прыехалі на адзін з менскіх кірмашоў – паразмаўляць з людзьмі. А пачнем з мужчынаў, каб зразумець, якія ў іх планы на падарункі.

«Па-першае, кветкі. Я лічу, што самы галоўны падарунак на 8 сакавіка – гэта кветкі. А другі падарунак – гэта стаўленне да жанчыны: любіць, цаніць, паважаць, а ўсё матэрыяльнае – гэта няважна».

«Вось нясу сваёй маці кветкі на працу».

«Камплект бялізны». – «А раней што дарылі?» – «Ну, па-рознаму: часам тэхніку, часам бытавыя прыборы нейкія. У працэсе перад святам паціху задаваў пытанні, даведваўся, што ёй трэба».

А зараз запытаемся ў жанчын, што б яны хацелі, а галоўнае, чаго б не хацелі атрымаць на свята. Мабыць, яшчэ не позна змяніць свой выбар што да падарунку.

«Добры дзень, чаго б вы не хацелі атрымаць 8 сакавіка?» – «Напэўна, кубачкаў, вось такое не вельмі падабаецца».

«Непрыемных эмоцыяў не хацела б атрымаць».

«Кнігу, так». – «А што хацелі б атрымаць?» – «Хацела б вялікі ахапак цюльпанаў». – «Колькі?» – «Ну, штук 50».

Некаторыя крамы Менску з 6 да 8 сакавіка гандлявалі са зніжкамі. Цікава, ці знайдзем на кірмашы букет па добрай цане? Бо мне таксама трэба набыць сваім калегам кветкі.

«Добры дзень, колькі каштуе адзін цюльпан?» – «Адзін цюльпан каштуе два рублі».

«Падвышаецца кошт. Можа даходзіць нават і да трох рублёў за штуку ўвечары. Як правіла, папулярныя гатункі разбіраюць адразу: гэта жоўты колер, белы колер і фіялетавы».

Агулам жа ў Менску зарганізавана каля 200 пунктаў продажу кветак. Адшукаць букет даволі лёгка. Я сваім калегам кветкі набыла. А вам жадаю добра адсвяткаваць, але не забывайцеся кожны дзень дарыць любоў сваім блізкім.

Сюжэт Дзіяны Раткевіч глядзіце ў поўным выданні навінаў за 7 сакавіка