Праблемы людзей з інваліднасцю ў Беларусі


Людзі з інваліднасцю сутыкаюцца ў Беларусі з праблемамі не толькі тады, калі справа датычыць безбар’ернага асяроддзя. Недахоп грошай, складанасці ў працаўладкаванні і ледзь не штодзённая дыскрымінацыя – вось няпоўны спіс праблемаў. А часам іх нават пазбаўляюць інваліднасці.

У Святланы Багдан з дзяцінства вельмі слабы зрок. У яе -12, і без адмысловых лінзаў яна не бачыць нічога нават на адлегласці выцягнутай рукі.

«З такой адлегласці я вас ужо не бачу. Я бачу, што сядзіць чалавек, але не бачу хто», – кажа яна.

Да 25 гадоў у дзяўчыны была бестэрміновая 3 група інваліднасці. Год таму на камісіі гэтую групу ў яе знялі. Прычым, паводле Святланы, нават без абследаванняў:

«Яны паглядзелі картку, сказалі, што аніякага лекавання я не атрымліваю, значыць, вам нічога не трэба. Інваліднасць вам не належыцца, значыць, усё, да пабачэння. Я пачала з імі спрачацца, а мне сказалі: «Мы нічога не можам зрабіць. У нас нарматыўныя дакументы. У нас дзяржаўная праграма скарачэння пенсіяў і дапамогаў».

Паводле адмыслоўцы, такая сітуацыя – для Беларусі тыповая.

«Сталі больш частыя скаргі, звароты да нас людзей, у якіх была прызнаная інваліднасць з дзяцінства. І гэта вельмі розныя людзі, не нейкі адзін тып інваліднасці», – кажа дырэктар «Офісу па правах людзей з інваліднасцю» Сяргей Драздоўскі.

Беларусь ратыфікавала Канвенцыю аб правах людзей з інваліднасцю ў 2016 годзе і, згодна з працэдурай, падрыхтавала справаздачу ў ААН аб яе выкананні летась. У ёй, кажуць адмыслоўцы, гаворка перадусім пра інфраструктурныя змены. Альтэрнатыўную справаздачу падрыхтавалі восем праваабарончых арганізацыяў. Даклад праваабаронцаў факусуецца на неразвязаных праблемах і канкрэтных жыццёвых сітуацыях.

«Гэта самая звычайная і распаўсюджаная практыка, калі да дакладаў дзяржавы далучаецца адзін, два, тры, дзясяткі іншых дакладаў. Прычым няма пэўнай формы дакладу. Любая арганізацыя, любы нават чалавек можа напісаць, падрыхтаваць і даслаць. І Камітэт будзе яго разглядаць», – кажа Сяргей Драздоўскі.

Сярод іншых праблемаў, закранутых у справаздачы, – даступнасць інфармацыі, узаемадзеяння, а не толькі безбарʼернае асяроддзе. Закранулі і правы дзяцей ды жанчын з інваліднасцю, ахову здароўя. Асобная ўвага надавалася пытанням дзеяздольнасці, кажа прадстаўніца Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам:

«Няма альтэрнатывы псіханеўралагічным інтэрнатам. 19 артыкул Канвенцыі заклікае дзяржавы-ўдзельніцы да таго, каб ствараць альтэрнатыўныя формы пражывання, уводзіць інстытут персанальнага асістэнту і гэтак далей. Мы аб гэтым пішам, але пакуль што гэтага няма».

Праваабаронцы накіруюць альтэрнатыўны даклад у Камітэт правоў людзей з інваліднасцю ААН. Чакаецца, што яго разгледзяць увосень.

Ксенія Тарасевіч, «Белсат»