Праблемны хімічны завод павялічвае вытворчасць


Са 160 да 200 тысяч тонаў вугляроду ў год мае вырасці магутнасць прадпрыемства «Омск карбон Магілёў». Учора яго прадстаўнікі мусілі абмеркаваць свае планы з мясцовымі жыхарамі. Аднак шырокай дыскусіі не адбылося. Чаму – растлумачыць Аляксандр Папко.

Hавiны
Адфутболілі: пікету за перанос «Омск Карбон Магілёў» у Александрыю не адбудзецца
2019.04.25 14:04

Жыхары пасёлкаў Вейна і Навасёлкі не хавалі расчаравання. Завод «Омск карбон Магілёў» павялічыць вытворчасць на 20 %. Пра абмеркаванне грамадзянам паведамілі толькі ў дзвюх малых мясцовых газетах. Магчыма, таму на сустрэчу і прыйшлі толькі каля 30-ці асобаў.

«Вельмі шкада, што гэта адбылося ў працоўны дзень, у чатыры гадзіны дня, калі вельмі малая колькасць людзей прыйшла. Нельга абмяркоўваць такіх глабальных пытанняў з такой колькасцю людзей», – кажа жыхарка Вейна Вікторыя.

«Людзі або не жадаюць гэтым займацца і лічаць, што ўсё вырашана, можна павялічваць магутнасць, а для іх гэта толькі »галачка«, або яны не зусім спецыялісты, калі не могуць адказаць на пастаўленыя пытанні», – адзначае Андрэй Бодзілеў, ініцыятыва «За здаровы Магілёў».

Завод «Омск карбон Магілёў» будзе выпускаць тэхнічны вуглярод. Ад прадпрыемства да пасёлка Вейна – усяго два кіламетры. Чыноўнікі супакойваюць – на заводзе будзе сістэма кантролю за выкідамі.

Аб’ектыў
«Гэтыя прадпрыемства будуць вымушаныя лічыцца з людзьмі». Людзі абураныя дзейнасцю заводу «Омск Карбон»
2019.04.10 23:01

«Дазвол на выкіды ў атмасфернае паветра для прадпрыемства з улікам павышанай магутнасці будзе выдадзены толькі пасля пазітыўных высноваў дзяржаўнай экалагічнай экспертызы», – кажа Канстанцін Цеплякоў з абласнога камітэту прыродных рэсурсаў.

Летась у лістападзе завод выкінуў у паветра воблака сажы, якое накрыла пасёлак Вейна. Напоўніцу завод запрацуе праз два месяцы. Рэзалюцыю супраць пашырэння вытворчасці падпісалі 25 чалавек.

Аляксандр Папко, «Белсат»