Аб'ектыў 05.04.2019 Пра знос сваіх дамоў дазналіся выпадкова. Жыхары Малой Серабранкі змагаюцца з забудоўнікам


Сёння некалькі чалавек з ініцыятыўнай групы прыйшлі ў Адміністрацыю Ленінскага раёну гораду Менску на грамадскія слуханні. Яны выступаюць супраць зносу прыватнага сектару ў гістарычнай частцы гораду – у раёнах Араны, Малая Серабранка і Сакалянка.

Пра знос сваіх дамоў, а таксама пра слуханні, мясцовыя жыхары дазналіся выпадкова. Таму сюды прыйшлі тыя, хто паспеў. Але да прадстаўнікоў адміністрацыі і адказных за генеральны план гораду трапілі ўвогуле толькі тры асобы. Актывіст Віктар Барташэвіч распавядае:

«На сайце адміністрацыі інфармацыя была схаваная, прычым тэкст абвесткі быў схаваны, быў набраны ў вордаўскім файле, яго немагчыма было выявіць, зусім нечакана яго пабачыў Ігар Хмара, і гэта ўсё робіцца, каб людзей не ставіць у вядомасць, і гэта прамое парушэнне патрабаванняў прэзідэнта спыніць ушчыльняць Менск».

У адказ на парушэнне сваіх правоў людзі запатрабавалі ад адміністрацыі Ленінскага раёну кнігу скаргаў і выклікалі міліцыю для разбіральніцтва. Частка актывістаў накіравалася пісаць скаргу ў пракуратуру.

– Добры дзень! Чаму вам важна тут быць?

– Таму што тут жылі мае продкі ў пятым пакаленні, гэты кавалак зямлі дастаўся ад прапрадзеда, і мы б хацелі тут застацца са сваім участкам зямлі, і была ў нас надзея, што так і будзе, але мы не супраць змены ў плане, мы супраць зносу».

На месцы прыватнага сектару хочуць пашыраць паркавую зону і ўзвесці будынкі грамадскага карыстання. Агулам пад ушчыльненне трапляе дзясятак вуліцаў, якія месцяцца па два бакі ўздоўж Свіслачы. Гэта сотні дамкоў, і больш як дзвесце пяцьдзясят жыхароў. Замоўца праекту – Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму, распрацоўнік – «Менскграда».

У гэтым раёне ёсць участкі і дамкі ХІХ стагоддзя. Гаспадары пяшчотна іх даглядаюць, перадаючы з пакалення ў пакаленне. Да прыкладу, на месцы дому сям’і Пановых, што па Серабранскім завулку, 16 а, паводле плану збудуюць спартова-забаўляльны комплекс.

«Тут і мая маці жыла, і бабка, і ўвогуле, мы тыя менчукі, у якіх тут жыло пяць пакаленняў. У гэтым вось двары быў яшчэ старэйшы дом», – кажа жыхарка Ганна Панова.

«Я, як і шмат якія іншыя жыхары нашага сектару, лічым, што ў нашым горадзе дастаткова забаўляльных комплексаў, каб зносіць нашыя дамы», – гаворыць актывістка Таццяна Сайко.

Сябры ініцыятыўнай групы сёння ішлі да гарадскіх уладаў з канкрэтнымі прапановамі – дазволіць рэканструяваць і добраўпарадкаваць свае сядзібы, а гораду – максімальна эфектыўна скарыстацца пустымі ўчасткамі.

«Рэалізаваць іх з аўкцыёну, каб людзі маглі скарыстацца правам жыць у сваім доме на сваёй зямлі, ды і горад атрымаў бы прыбытак у свой бюджэт менавіта цяпер, а не праз абяцанні інвестара, якія часцяком не выконваюцца. На гэта нам сказалі, што гэта немагчыма», – каментуе актывіст Ігар Хмара.

Разам з тым, падзяліўся Ігар Хмара, падчас сустрэчы былі дасягнутыя пэўныя кампрамісы з чыноўнікамі. Галоўны – перанос зносу жытла з 2021 на 2030 год.

Таццяна Уласенка, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары