Пра што казаў Лукашэнка на форуме «Менскі дыялог»


І вашым і нашым – гэтак каротка можна ахарактарызаваць сённяшні выступ кіраўніка Беларусі на форуме «Менскі дыялог» па тэму пошуку бяспекі ў свеце. Аляксандр Лукашэнка заклікаў да міру і спакою на зямлі. А Беларусь прапаноўваў у якасці пляцоўкі для дыялогу і пошуку кампрамісаў. Ці прыслухаюцца замежныя палітыкі і эксперты?

Ужо на трэці год свайго існавання экспертная ініцыятыва «Менскі дыялог» прымае ў якасці спікераў цэлы шэраг вядомых еўрапейскіх функцыянераў. Можа менавіта таму, сёлета скарыстацца высокай трыбунай вырашыў і кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

«Сёння няма больш важнага пытання чым захаванне міру і яго забеспячэння ягонага ўстойлівага развіцця. Таму важна выпрацаваць і прадставіць палітыкам ясныя прапановы, як гэта зрабіць з захаваннем інтарэсаў усіх бакоў», – адзначыў Лукашэнка.

У разуменні кіраўніка Беларусі Менскі дыялог гэта, перш за ўсё, трамплін да новага фармату і новага мірнага працэсу па прыкладзе Хельскінскіх пагадненняў. У якім афіцыйны Менск бачыць сябе цэнтрам перамоваў.

«Мы не з Расеяй супраць Еўропы і не з Еўропай супраць Расеі і ўсяго Усходу. Для нас, у прынцыпе, непрымальнае пытанне, з кім мы», – заявіў Лукашэнка.

Такая пазіцыя, можа не вельмі падабацца Маскве, кажуць некаторыя ўдзельнікі форуму.

«Яны лічаць што такога кшталту форумы павінныя адбывацца пад расейскай эгідай і па расейскім сцэнары. Занадта важнае пытанне – Еўрапейскай бяспекі. Расея лічыць што толькі яна можа вырашаць такія пытанні і партнёрам можа быць або НАТО або ЗША», – мяркуе вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

Цікава было пачуць і новую версію таго, як Лукашэнка ўспрымае Паўночнаатлантычны ал’янс. У прамове з паперкі кіраўнік Беларусі паўтарыў расейскую пазіцыю пра праблемнае пашырэнне НАТО на Усход. Пазней, ужо без паперкі, кіраўнік Беларусі адзначыў, што зграшыў такой заявай, і што варта сысці ад такой трактоўкі.

«Рэпліка пра пашырэнне НАТО была адзіная, дзе ён усклаў нейкую віну на адзін бок канфлікту. Увесь астатні выступ палягаў на тым, што вінаватыя абодва бакі і трэба шукаць супрацоўніцтва і дамаўляцца. Выступ быў даволі міралюбівы і неканфліктны», – адзначае палітолаг Валер Карбалевіч.

У астатнім, кожны заставаўся пры сваёй пазіцыі. Намеснік памочніка генсека НАТО па палітычных пытаннях і палітыцы бяспекі Джэймз Апатурай казаў, што менавіта Расея сваёй вайсковай прысутнасцю ў Грузінскім і Украінскім канфлікце стварае напружанасць у Еўропе. А былы генеральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа называў прычынай праблемаў у свеце «свядомасць трыумфатараў», уласцівую краінам Захаду. Але можа так яно і павінна быць падчас дыялогу?

Ігар Кулей, «Белсат»