Пра што казалі і чаго зычылі Лукашэнка і Ціханоўская ў навагодніх зваротах?


Гэтым разам беларусы не толькі двойчы падымалі келіхі з шампанскім пад гадзіннік – у 23:34 і апоўначы, – але таксама мелі магчымасць паслухаць два навагоднія звароты – Аляксандра Лукашэнкі ды Святланы Ціханоўскай. Пра што згадвалі і чаго зычылі беларусам?

Упершыню ў гісторыі напярэдадні Новага года беларусы мелі магчымасць паглядзець два святочныя звароты. З віншаваннямі да грамадзянаў звярнуліся Аляксандр Лукашэнка і Святлана Ціханоўская. Чый выступ выбралі беларусы?

Жыхары Глыбокага кажуць:

«Майго народнаабранага прэзідэнта – Святланы Ціханоўскай. На беларускай мове. Вялікі дзякуй, таму што першы раз за 26 год хацелася глядзець навагодні аганёк і хацелася слухаць, што скажа прэзідэнт».

«Лукашэнку ж, Лукашэнку. Усё спадабалася. Ён дужа вумны, і ён усё панімаіць, ён хазяін».

«Пуціна». – «А што спадабалася ў ім?» – Нічога».

«Я нічога не глядзела».

Лукашэнка ў навагоднім звароце назваў 2020 год яркім і своеасаблівым, бо беларусы дзякуючы неймаверным намаганням дзяржавы выстаялі ды здабылі ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

«Давайце перагорнем старонку пройдзенага і будзем разам пісаць новую главу незалежнай Беларусі. Давайце наступны год зробім годам народнага адзінства», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Давайце перагорнем старонку – гэтыя словы Лукашэнка прамаўляе не ўпершыню. Аднак перагарнуць старонку – значыць забыцца пра забойствы, гвалт сілавікоў і скрадзеныя галасы выбарнікаў, зазначае Віталь Цыганкоў. Палітычны аглядальнік звяртае ўвагу яшчэ на адну агучаную Лукашэнкам думку.

«Самыя неадэкватныя словы, цытую, «у той час, калі людзі ў багатых краінах выстраіліся ў кіламетровыя чэргі па кавалак хлеба». На гэтым месцы мне стала адначасова і смешна і агідна. У такі год кіраўнік, як ён сябе лічыць, дзяржавы не можа без свайго вечнага матыву: як на Захадзе кепска жывецца», – гаворыць Віталь Цыганкоў.

Святлана Ціханоўская ў навагоднім віншаванні сказала, што складаны і багаты на цяжкасці 2020 год падараваў таксама шмат надзеі ды натхнення. І зазначыла, што галоўным сёлета сталася аб’яднанне беларусаў.

«Жадаю нам заставацца такімі ж шчырымі, адкрытымі і неймавернымі. Жадаю нам яшчэ больш моцы, нашым родным – здароўя, нашым сэрцам – спакою і веры. Жадаю, каб у новым годзе ўсе, каго нам так не хапае, вярнуліся дадому», – сказала Святлана Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская прамаўляла па-беларуску. Гэта сталася сенсацыяй і пазітыўна ўразіла – прызнаецца Віталь Цыганкоў. А параўноўваючы звароты Лукашэнкі ды Ціханоўскай, робіць наступную выснову.

«Ніколі кантраст старога і новага, кантраст надзеі і стагнацыі, кантраст, які праявіўся ў зваротах гэтых двух людзей, не быў настолькі яркім, настолькі крутым, як у гэты навагодні дзень, навагоднюю ноч у зваротах Ціханоўскай і Лукашэнкі», – зазначае Цыганкоў.

У навагоднюю ноч большасць карыстальнікаў інтэрнэту абралі выступ Святланы Ціханоўскай. Агулам колькасць праглядаў ейнага звароту праз YouTube перавышае колькасць праглядаў Лукашэнкі. Навагоднія пажаданні Ціханоўскай, паказаныя на «Белсаце», трапілі ў трэнды YouTube.

Анастасія Русецкая, «Белсат»