Аб'ектыў 09.01.2019 Пра пастаўкі харчоў з Беларусі ў ДНР і ЛНР «Белсату» распавялі кіроўцы


Нягледзячы на папярэджанні з Кіева, беларускія прадпрыемствы з ведама ўладаў працягваюць гандаль з акупаванымі тэрыторыямі Данбасу. Наш тэлеканал знайшоў чарговую схему, паводле якой у самаабвешчаныя «ДНР» і «ЛНР» прадаюць курэй, цукар ды алкаголь.

Прадукцыю вырабілі ды экспартавалі! Пытанне – куды? Журналіст Алесь Ляўчук даведаўся, што некаторыя берасцейскія прадпрыемствы цішком гандлююць з акупаваным Данбасам.

«Мне распавялі пра гэта кіроўцы, якія возяць тавары туды. Гэта прадпрыемства «Дружба», што ўжо ўдалося даказаць. Вядома яшчэ пра прадпрыемства «Белалка», якое возіць алкаголь свой як ва Украіну, гэтак і на акупаваныя тэрыторыі», – кажа Алесь Ляўчук.

Беларусь вязе на акупаваныя тэрыторыі мяса птушкі з Баранавічаў, белы цукар з Жабінкі ды алкагольныя напоі з Берасця.

Праз адмысловы сэрвіс для дальнабойнікаў lardi-trans.com можна пабачыць рэгулярнасць трафіку айчынных тавараў у захопленыя ўкраінскія тэрыторыі.

Раней «Белсат» публікаваў журналісцкае расследаванне аўтараў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша аб неафіцыйным гандлі з Данбасам. МЗС Украіны накіроўвала ноту да МЗС Беларусі ў сувязі з гэтым расследаваннем і тымі фактамі. Гаворка між іншага пра відэаматэрыял гэтак званага Міністэрства інфармацыі ДНР, дзе казалася пра зборку з камлектуючых Беларускага МАЗу трактароў і экскаватараў у акупаваным горадзе горадзе Торэз.

«Гэтая супраца не ўгадваецца на афіцыйным узроўні ўвогуле, яе хаваюць. Калі я патэлефанавала ў МАЗ, то там адказалі, што ня ведаюць нічога пра сітуацыю аб гандлі з Данецкам», – кажа Кацярына Андрэева.

Аднак ведае пасярэднік – што МАЗ, МТЗ і Амкадор працуюць праз расейскія фірмы «пракладкі». З Расеі аўтамабілі трапляюць і ў Данецк. Намінальна тэхніку маюць выкарыстоўваць у камунальных мэтах. Фактычна – і ў вайсковых, не выключыў журналіст Яраслаў Сцешык:

«Зазвычай на вайне яны рыюць акопы і бліндажы, а на шасі МАЗ можна паставіць і кузаў для перавозкі жаўнераў і боепрыпасаў, і ракетную сістэму залпавага агню «Град»».

Пасля ўсіх даследаванняў нашага тэлеканалу Кіеў правярае факты наўпроставых паставак беларускай прадукцыі ў самаабвешчаныя «ДНР» і «ЛНР». Пад санкцыі ўжо трапілі Менскае прадпрыемства «Свет піва» і Мазырскі лікёра-гарэлачны завод.

Аб тым, што ёсць небяспека санкцыяў – нашае МЗС папярэджвала ўсе прадпрыемствы са спісу падазраваных, але гандляваць не забараняла.

«Беларускія ўлады на найвышэйшым узроўні безумоўна выдалі такі карт-бланш прадпрыемствам, маўляў – гандлюйце, папаўняйце бюджэт», – распавядае Ігар Ільяш.

Дамовы падпісваюцца праз ланцуг фірмаў, грошы ляцяць таксама праз расейскіх пасярэднікаў.

«Бо мяжа не кантралюецца. Беларусі заўважаная не была, але відавочна, што спецслужбы і профільныя органы робяць недастаткова каб пракантраляваць і забяспечыць Украіну ад гэтай плыні», – дадае палітолаг Алег Саакян.

Украінскі бок не ў стане адсочваць беларускай кантрабанды, якая ўваходзіць праз усходнюю, занятую прарасейскімі баевікамі мяжу.

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары