«Поўная фальсіфікацыя». Як сёння судзілі актывістаў у Віцебску


Сёння ў Віцебску быў чарговы судовы канвеер. «Белсат» пільна сачыў за судовымі паседжаннямі.

У віцебскіх судах мог бы сёння быць рэкорд – найстарэйшы ў горадзе, пакараны за мірныя акцыі. Але справу 79-цігадовага Аляксандра Нікіценкі, як і справу ягонага сябра, 69-цігадовага Анатоля Мацвеева, суддзя Першамайскага раёну Віцебску Міхаіл Юрчанка адправіў на дапрацоўванне.

Аляксандра Нікіценку ды Анатоля Мацвеева затрымалі ў Віцебску 11-га кастрычніка падчас нядзельнай акцыі. Адпусцілі мужчынаў праз дзве гадзіны, а да разгляду гучнай справы дайшло толькі сёння.

«Там поўная фальсіфікацыя, пра што я напісаў у заяве. Мы далучыліся на нейкі перыяд, але мы не ішлі гадзіну з пратэстоўцамі, у пратаколе ўказаны дом 18, а такога дому не існуе», – тлумачыць Анатоль Мацвееў.

Абодва пратаколы накіравалі дапрацоўвацца.

«Я лічу, што, калі б усе былі, як гэтыя дзядулі, адвакаты ўвогуле не былі б патрэбныя. Вельмі дэталёва расклалі па палічках падрыхтоўку матэрыялаў справы няякасную, халатнае стаўленне да падрыхтоўкі матэрыялаў», – кажа праваабаронца Ірына Траццякова.

На дапрацоўванне адправіў і суддзя Ілля Белавус у Кастрычніцкім судзе Віцебску справу нашага калегі Вячаслава Лазарава, затрыманага таксама 11-га кастрычніка – за парушэнне заканадаўства аб СМІ. Журналіст не адмаўляе, што працаваў для «Белсату», але фотаздымкі, далучаныя да матэрыялаў справы, аказаліся чужыя.

«Як мы ведаем з практыкі, колькі прайшло судоў паводле 22.9, па-мойму, ніводнай справы не апраўдалі. Тое, што сёння суддзя Белавус адправіў справу на перагляд, – гэта ўжо вялікая перамога», – лічыць Вячаслаў Лазараў.

Скасаванне справаў у Віцебску, як і ўва ўсёй краіне – сапраўды вялікая рэдкасць, затое не бракуе рэзанансных рашэнняў суддзяў, кшталту штрафу за пікет на ўласнай лоджыі для Таццяны Севярынец.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu