Постнармандскі прэзідэнт: сустрэча з Пуціным змяніла Зяленскага

Ці ёсць план у Зяленскага? Ці дасць рады недасведчаны ўкраінскі палітык на сустрэчы з «хітрым і падступным Пуціным»? Ці не пераступіць прэзідэнт Украіны «чырвоныя лініі»? Такія пытанні сыпаліся ў прамых эфірах і сацыяльных сетках перад сустрэчай у Парыжы. Ноччу лідары Украіны, Расеі, Нямеччыны ды Францыі абвясцілі вынікі сваёй сустрэчы. Як іх ацанілі ва Украіне?

Пад офісам украінскага прэзідэнта яшчэ ўначы стаялі ўдзельнікі акцыі «Варта на Банкавай». Выступ прэзідэнтаў «Нармандскай чацвёркі» глядзелі проста на двары. Сёння тут – нікога. Актывісты пагадзіліся, што прэзідэнт Зяленскі не парушыў чырвоных лініяў і не здаў нацыянальных інтарэсаў Украіны.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Лідары чатырох краінаў дамовіліся разам стабілізаваць сітуацыю на Данбасе. Да канца года мусіць адбыцца спыненне агню, поўнае замірэнне, будуць праводзіцца працы для размінавання. Да 20 сакавіка войскі развядуць яшчэ на трох участках, а адмысловая маніторынгавая місія АБСЕ зможа весці працу 24 гадзіны на содні. Расея ды Украіна абмяняюцца палоннымі ў фармаце «усіх на ўсіх».

«Ён зрабіў першыя крокі ў бок спынення ваенных дзеянняў, гэта толькі пачатак, – кажа жанчына ў цэнтры Кіева. – Спадзяюся, што будзе працяг. Пазітыўнае таксама тое, што да канца месяца 72 чалавекі вернуцца, нашыя хлопцы, якія ў палоне. І, па-мойму, там развязалася нешта з газам».

Пры гэтым Украіна пагадзілася на замацаванне ў заканадаўстве формулы Штайнмаера, якая рэгулюе адмысловы статус акупаванай часткі Данецкай і Луганскай вобласцяў, і амаль адмовілася ад варожай рыторыкі ў афіцыйных заявах. Палітолаг Яўген Магда скептычна ацэньвае дасягненні сустрэчы ў Парыжы:

«Зяленскі хацеў паказаць, што ягоная пазіцыя адрозніваецца ад пазіцыі Парашэнкі. Магчыма. Але, з іншага боку, я ўбачыў, што Пуцін паказвае, што ягоная пазіцыя не зменіцца ні ў чым. Змены ў Канстытуцыю, асаблівы статус Данбасу, наўпроставыя перамовы, амністыя тым, хто ваяваў супраць украінскай улады. Ну, ведаеце, гэта сведчыць пра тое, што Расея, па вялікім рахунку, дамаўляцца не хоча. А калі Расея не хоча дамаўляцца, то як нам дамаўляцца?»

Украіна ды Расея не дамовіліся пра кантроль украінскай мяжы – паводле расейскага сцэнару, ён магчымы толькі пасля правядзення выбараў на тэрыторыі акупаваных рэспублік, у адпаведнасці з Менскімі пагадненнямі. Зяленскі заявіў пра разблакаванне газавага пытання – паводле прэзідэнта Украіны, Кіеў зможа падпісаць дамову з Масквою пра пастаўкі газу «на лепшых умовах».

«У нас паралельна з лета ідуць перамовы ў трохбаковым фармаце – Еўразвяз, Расея, Украіна – пра транзіт газу, – кажа палітолаг Магда. – Калі мы запускаем яшчэ гэты трэнд, што мы хочам гэтым давесці, што газ, як любяць казаць у Расеі, прэзідэнцкая тэма?»

Прэзідэнцкім Зяленскі палічыў і абавязак нагадаць пра немагчымасць федэралізацыі Украіны, уплыву на вектар яе развіцця, немагчымасць страты тэрыторыяў. Палітолаг Алег Саакян перакананы, што ў Зяленскага атрымалася выбраць найлепшы момант для гэтага:

«Ён сказаў пра Крым, прычым гэта было сказана не падчас перамоваў, што дало б магчымасць Расейскай Федэрацыі выйсці з іх і абвесціць дэмарш, пра які яны папярэджвалі загадзя. Гэта было сказана ў канцы, калі Пуціну ўжо не было сэнсу ўставаць і сыходзіць. Пры гэтым давялося выслухоўваць».

На думку палітолага, шматгадзінныя перамовы на найвышэйшым узроўні ды асабістае знаёмства з Пуціным развеялі шмат у чым ідэалістычныя погляды ўкраінскага прэзідэнта:

«Мы назіралі, як спадар Зяленскі фармуецца як постнармандскі прэзідэнт. Хутчэй за ўсё, тэзіс пра ідэал ізраільскага сцэнару (траціць усё на развіццё і магутнасці, а не паказуху – рэд.) для спадара Зяленскага стаў набываць больш адчувальныя формы і месцы для ўжытку».

9 снежня, у дзень, калі ў Парыжы ўдзельнікі сустрэчы размаўлялі пра будучыню Украіны і Расеі, на Данбасе загінулі яшчэ трое ўкраінскіх вайскоўцаў.

Адэля Дубавец belsat.eu

Глядзі таксама