Пошукі Максіма Мархалюка ў Белавежскай пушчы працягваюцца


10 гадовага Максіма Мархалюка ўжо 8-ы дзень шукаюць тысячы людзей. Квадрат за квадратам даследуецца Белавежская пушча побач з вёскаю Новы Двор у Свіслачскім раёне Гарадзенскай вобласці. Галоўная версія: хлопчык заблукаў у лесе.

Тысячы валанцёраў з усёй Беларусі, а таксама сотні працаўнікоў сілавых структураў, мясцовыя жыхары – агулам прыблізна 3 тыс. асобаў выйшлі шукаць Максіма Мархалюка. Вядома, што тыдзень таму ён ехаў на ровары з Новага Двара ў бок лесу і знік. У лесе знайшлі толькі ровар хлопца.

«Мы прыехалі сюды з асноўнай мэтай яго знайсці і пажадана ў кароткія тэрміны. На выходныя разгорнутыя і падцягнутыя ўсе рэгіянальныя падраздзялення атраду «Анёл» і добраахвотнікі. Тут працуюць і МУС і МНС і лясніцтва і мясцовыя жыхары, вялізарная колькасць людзей. Ідзе пошук, пакуль вынікаў няма», – кажа камандзір пошукавага атраду «Анёл» Сяргей Коўган.

Да ратавальнай аперацыі далучыліся прыблізна тысяча валанцёраў, апроч таго пошук вядуць з паветра з дапамогаю верталётаў і квадракоптараў. Уначы адмыслоўцы шукаюць 10-цігадовага хлопца з дапамогаю цеплавізараў.

«Сёння штаб быў перанесены ад сельскага савету да школы, вялікая колькасць машын папросту там не запаркуецца, вялікая колькасць людзей», – апісвае сітуацыю на месцы актывістка БХД Вольга Кавалькова.

Праз адсутнасць вынікаў квадраты пошукаў будуць пашырацца, адзначаюць ратавальнікі. Колькі яшчэ можа працягнуцца актыўная фаза пошукаў, ніхто не прагназуе.

«Асобна арганізаваны лагер МНС, ён бліжэй да выезду з гораду дзе знаходзяцца верталёты, там таксама некалькі намётаў. Вось лятае квадракоптэр», – адзначае Вольга Кавалькова.

Валанцёраў, якія захочуць далучыцца да пошукаў, просяць браць з сабою гумовыя боты, цёплую вопратку, а таксама, па магчымасці, мець вопратку яркіх колераў.

Аркадзь Несцярэнка, belsat.eu