«Помста Сталіна»: як беларусы змагаюцца з небяспечнай раслінай


Бітва за ўраджай – наперадзе. А зараз у самым разгары бітва з ворагам № 1 на палях – баршчэўнікам. У часы Сталіна гэтую расліну, якая надзвычай хутка расце, лічылі выдатным кормам для жывёлаў. Да таго моманту, як выявілася, што праз яго ў малацэ з’яўляюцца шкодныя рэчы.

Цяпер, бадай, усе разумеюць небяспеку баршчэўніка, але выкараніць яго цалкам пакуль не атрымліваецца.

Рамонкі, валошкі, макі – любімыя беларусамі кветкі. Але хутчэй за іх расце вялізнае пустазелле – баршчэўнік. Там, дзе з’яўляецца ён, ужо не вырастуць беларускія кветкі.

«Адзін чалавек сказаў, усе падхапілі і засеялі нашую зямлю той культурай, якая не падыходзіць да нашай зямлі, гэта чужародная расліна», – кажа стараста вёскі Дзеркаўшчына Уладзімір Тупека.

Хоць і чужародная, але надзвычай упэўнена пачуваецца на нашай зямлі. Адна расліна дае 20 тысячаў зярнятак насення. Інакш кажучы, калі з’явіўся адзін парастак, то ўжо праз тры гады баршчэўнікам зарасце ўсё поле, дзе не будзе месца іншым раслінам.

«Яшчэ некалькі гадоў таму ў нас у Глыбокім яе не было. Вось як цяпер відаць: вось горад, і вось ён ужо ёсць», – заўважае аграном Зміцер Лупач.

Нахабная расліна – гэта спадчына савецкай эпохі, якая нашкодзіла і жывёлінам і людзям.

«Некалі адзін чалавек прыдумаў, што баршчэўнік трэба вырошчваць, нават людзі прэміі атрымалі, што знайшлі такую кармавую расліну. Як вядома, яна расла ў дзікім выглядзе на Каўказе, менавіта адтуль завезлі. Гэта было пры Ёсіфе Вісарыёнавічу Сталіну, таму палякі і цяпер называюць гэтую культуру «помстаю Сталіна», – працягвае Зміцер Лупач.

Помсціць баршчэўнік умее – калі яго рубіць, ён пырскае небяспечным сокам.

«Апёкі ад яго можна атрымаць. Трэба адмысловая абарончая вопратка. Мужык нейкі сена вазіў, таксама апёкі атрымаў ад гэтага баршчэўніка», – распавядае жыхар вёскі Шуневічы.

Калі сок трапляе на скуру, з’яўляюцца апёкі другой ступені, калі ў вока – чалавек слепне, а калі пакрывае 80 % цела – гэта прыводзіць да смерці. Помсціць баршчэўнік нават тады, калі яго, здавалася б, знішчылі, – скасілі ці вырвалі з коранем. Ён пакідае дзясяткі тысяч зярнятак, якія чакаюць у зямлі зручнага моманту – чакаюць цягам 10-ці гадоў.

Улады, разумеючы небяспеку, як могуць змагаюцца з баршчэўнікам, але сілы няроўныя. Касіць мала – трэба знішчаць яго хімічнымі рэчывамі, якія нямала каштуюць.

Толькі не пакладаючы рук можна знішчаць спадчыну савецкай эпохі. Дарэчы, не ўсе раёны нашай краіны маюць гэткую праблему, а толькі тыя, дзе кіраўнікі калгасаў абапіраліся ў сваіх рашэннях не на веды і досвед, а слухаліся загадаў зверху.

«Якія раёны пэўна не паслухаліся, у іх няма такой праблемы, як баршчэўнік, а тыя, хто крыкнуў на ўра, схапіўся, то цяпер мы ўкладаем сродкі і маральныя, і матэрыяльныя, і змагаемся з тым, чаго ў нас не павінна быць», – заўважае Уладзімір Тупека.

Да перамогі над падступным і небяспечным баршчэўнікам яшчэ далёка, але здавацца нельга.

Вольга Старасціна, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Tut.by