Аб'ектыў 12.11.2018 Помнік удзячнасці ўкраінцаў беларусам адкрылі ў Доўску


У Доўску ўрачыста ды з малебнамі адкрылі адноўлены крыж памяці і ўдзячнасці ўкраінскага народу мясцовым беларусам, якія ў час галадамору ратавалі ўкраінцаў ад галоднай смерці.

Драўляны крыж усталявалі ля царквы ў Доўску яшчэ ў 2003-ім годзе да 70-ай гадавіны галадамору. З часам ён струхнеў, і цяпер тут паўстаў крыж металічны, які сімвалічна аздобілі надламанымі каласкамі. Вырабілі яго адмыслова на замову ў Тэрнопальскай вобласці за грошы ўкраінскай амбасады.

«Там такая таблічка, будзе напісана «дзякуй беларусам, якія дапамаглі выжыць украінцам». То бок мы выжылі, бо вы дапамаглі. І гэта сапраўды нашая шчырая ўдзячнасць беларусам, якія дапамагалі выжываць украінцам, падзяляючы з імі гэтае гора, аддаючы свае невялікія запасы хлеба і ежы, якія яны забралі ва Украіну, ці дзякуючы гэтаму выжылі тут», – кажа Ігар Кізім, амбасадар Украіны ў Беларусі.

Паводле прыблізных падлікаў гісторыкаў, галадамор 1932-га–33-га гадоў ва Украіне забраў жыцці прыблізна 8-мі мільёнаў чалавек. Афіцыйны Кіеў і шэраг еўрапейскіх краінаў разам са Злучанымі Штатамі лічаць гэтую падзею часу савецка-сталінскай індустрыялізацыі генацыдам украінскага народу.

«Усе ведалі, што такі голад ёсць, і беларускае кіраўніцтва паведамляла кіраўніцтву ў Маскве, што гэта страшна. Але ўдумайцеся ў ідэалагічны складнік. Яны думалі не пра тое, што там голад, што людзі паміраюць, а пра тое, каб буржуазная Польшча не ведала, што ва Украіне голад. Таму намагаліся вярнуць усіх украінцаў дадому, дзе яны былі фактычна асуджаныя на смерць», – каментуе Ігар Кізім, амбасадар Украіны ў Беларусі.

Прывід галоднай смерці прымушаў людзей сем’ямі пакідаць родныя дамы ды ісці пешшу сотні кіламетраў у кірунку Беларусі.

«Менавіта тут, каля Доўску, уратавалася жанчына з дзвюма сваймі дочкамі, якія пешшу прыйшлі з Чаркаскай вобласці. І вось тут іх прытуліла сямʼя, у якой яны засталіся, дапамагалі ў гаспадарцы. І так яны выжылі», – распавядае Валянціна Логвін, старшыня грамадскага абʼяднання «СІЧ».

І памяць пра тое, што адбывалася падчас галадамору ва Украіне, яшчэ жыве дзякуючы сведкам.

«Праз вуліцу жыла вялікая сямʼя. Васьмёра дзяцей і бацькі. І яны разам бавіліся на дварэ, а напрыканцы зімы 1933 года ўжо прыехаў воз і ўсіх гэтых васьмёх дзетак і бацькоў паклалі ды пацягнулі на могілкі ад голаду», – успамінае сведка галадамору Генадзь Гузій.

Калі ж казаць пра Беларусь – тэму галадамору на тэрыторыі нашай краіны амаль не даследуюць і цяпер.

«Адказ вельмі просты. Сёння ў Беларусі мы назіраем поўную дамінацыю менавіта савецкага светапогляду, савецкай ментальнасці, савецкай ідэалогіі. Бо яна вельмі блізкая да сэрца галоўнага чалавека, які прыватызаваў гэта», – гаворыць гісторык Генадзь Семянчук.

І доказам ёсць рыторыка Лукашэнкі пра кастрычніцкі пераварот ды шэраг камуністычных святаў, што так імкнуцца захаваць у Беларусі. Таму ў тэме галадамору на тэрыторыі нашае краіны яшчэ не паставілі апошняй кропкі. Умацавалі толькі першы крыж!

Кірыл Смяглікаў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары