Помнік Нілу Гілевічу ўсталявалі на Кальварыйскіх могілках у Менску


На магіле народнага паэта Ніла Гілевіча ўсталявалі помнік. Ні з граніту, ні з мармуру, а з простага беларускага валуна… Як ён і хацеў. Адкрывалі помнік без аркестру, не было і чыноўнікаў ад Міністэрства культуры. На Кальварыйскіх могілках у Менску апроч сваякоў Ніла Гілевіча сабраліся людзі, якія добра ведаюць і шануюць творчасць славутага паэта.

Паэт Сяргей Законнікаў распавядае:

«Наколькі нашая ўлада абыякава ставіцца да такіх асобаў. Я разумею, чаму яна так ставіцца. Таму што гэтыя асобы будзілі ў грамадстве не толькі нейкія эстэтычныя пачуцці. Яны будзілі прагу волі, свабоды, прагу таго, што заўсёды жыве ў народзе».

Ніл Гілевіч быў адзіным, бадай, народным паэтам, які сам, за ўласныя грошы публікаваў усе свае творы. Бо хто, калі не ён? Міхась Скобла, паэт:

«Ніл Гілевіч заўсёды не баяўся пісаць палітычную сатыру. Вядома, у якіх умовах мы жывем: і дэкрэт № 5, і штрафуюць журналістаў, і газеты закрываюць. А Гілевіч ніколі не баяўся выказвацца на палітычныя тэмы хлёстка, афарыстычна, як толькі гэта ён умеў».

З боку дзяржавы не было ніякіх матэрыяльных прапановаў сваякам паэта наконт усталявання помніка. Гілевіч не прасіў падтрымання пры жыцці, не хацеў дапамогі і пасля смерці.

«Пасля бацькі засталіся зберажэнні. Яны невялікія, і іх якраз хапіла. Гэта так званыя, як у народзе кажуць: «грабавыя грошы». Сказаў: «Вось грошы, а з помнікам ты разбярэшся». Калі Нілу Гілевічу 30 верасня споўнілася 75, а потым і 80, то ні па водным тэлеканале не было сказана пра гэта ані слова. Мы прывыклі абыходзіцца без дапамогі дзяржавы», – кажа сын Ніла Гілевіча Сяргей Гілевіч.

У апошняй – ёсць каго ўшаноўваць і акрамя народных паэтаў. Згадайма хоць бы недатыкальны помнік невядомаму гарадавому ў нашай сталіцы. Ніл Гілевіч і іншым суайчыннікам прысвяціў эпіграму.

Ад настальгіі па раі за Польшчай

Ён лічыць задачай сваёй найбольшай –

Ля шляху між Менскам і Маладэчнам

Паставіць камень з надпісам вечным:

«Тут, у дваццатым, спыняўся пры дрэве

Юзаф Пілсудскі па малой патрэбе».

Любоў Лунёва, belsat.eu