Помнік ахвярам Віцебскага гета 20 гадоў чакае на складзе. Чаму яго не ўсталююць?


Памяць пра ахвяраў Віцебскага гета дагэтуль застаецца не ўшанаванай. Абяцанне ўсталяваць помнік на тэрыторыі былога гета выбілі на камяні яшчэ ў 1993 годзе, але яно так і засталося абяцаннем. Пры гэтым сам помнік ужо створаны і каля 20 гадоў чакае свайго часу на складзе. Дык чаму адбылася такая затрымка?

Будынак былога «Клубу металістаў» – адзінае, што сёння нагадвае пра жахі віцебскага гета. Тут марылі голадам, менавіта адсюль вывозілі на расстрэлы. Ахвярамі генацыду ў віцебскім гета ў 1941 годзе сталі больш за 15 тысяч чалавек.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Мінула ўжо 27 гадоў пасля таго, як ля будынку паставілі камень з абяцаннем усталяваць на гэтым месцы помнік. Але абяцанне дагэтуль не выкананае.

«Глядзіце, я не распарадчык грошай, якімі валодаюць абласны і гарадскі бюджэты, але, наколькі я разумею, усё ўпіраецца ў бюджэт, у сродкі…» – тлумачыць рэдактар часопісу «Мішпоха» і прадстаўнік габрэйскай грамады ў Віцебску Аркадзь Шульман.

У 2010 годзе намаганнямі і за грошы габрэйскай грамады паставілі помнік у Тулаўскім рове пад Віцебскам, дзе расстрэльвалі вязняў гета. А што да помніку на тэрыторыі самога гета, то, па словах Шульмана, за гэты помнік тады ўзяўся горад.

«І нават не было пытанняў: так, мы гэта ўсё бяром, гэта ўсё робім. Таму мы неяк не падключаліся да гэтага тады, акрамя нейкіх кансультацыяў», – кажа Аркадзь Шульман.

Горад жа вярнуўся да ідэі ўсталяваць помнік толькі ў 2018-м – з ініцыятывы старшыні Віцебскага аблсавету Уладзіміра Цярэнцьева. Сёння ён запэўнівае, што зноў вернецца да тэмы цягам года, а наконт сродкаў кажа:

«Я ніколі не стараюся развязваць гэтыя пытанні праз бюджэт. Мая пазіцыя: мы сапраўды павінны, і бюджэту нічога ад гэтага не станецца, але гэта павінны быць грошы або грамадскіх арганізацыяў, або грошы, якія збіраюцца намі на суботніках…»

Дык хто ж павінен фінансаваць помнік? Сваймі меркаваннямі падзяліліся жыхары Віцебску:

«Гэта ж вайна была, гэта справа ўсіх. Ну я не ведаю, могуць і людзі скінуцца, можа, і з бюджэту можна ўзяць. Усё можна, толькі захацець».

«Вядома, дзяржава, гэта безумоўна. Але, напэўна і Ізраіль той жа, і людзі свядомыя».

«Я думаю, што з бюджэту. Не ведаю, але ж гэта агульнае, народнае, як гаворыцца…»

Помнік ахвярам Віцебскага гета быў створаны скульптарам Іванам Казаком яшчэ 20 гадоў таму. Паводле аўтара, помнік захоўваецца цяпер на складзе ў разабраным стане і паказаць яго немагчыма. Як высвятляецца, нельга дагэтуль сказаць, і колькі грошай спатрэбіцца, каб ён заняў сваё месца. Ніводзін з зацікаўленых бакоў інфармацыяй аб суме не падзяліўся.

Зміцер Казакевіч belsat.eu