Аб'ектыў 29.03.2019 Польскія навукоўцы заклікаюць шукаць на Берасцейшчыне вялікі метэарыт


Паводле адмыслоўцаў з Польскай лабараторыі каметаў і метэораў ён упаў напачатку году на Берасцейшчыне. Знайсці яго трэба тэрмінова, пакуль не пачаліся палявыя працы. Шукалі метэарыт і нашыя журналісты. Алесь Ляўчук.

Вось тут, на мяжы Пружанскага і Бярозаўскага раёнаў, упаў метэарыт. Жыхароў найбліжэйшых вёсак заклікаюць шукаць яго кавалкі. Мы таксама паспрабуем яго знайсці.

Метэарыт упаў яшчэ 7 студзеня, але шырока вядома пра яго стала на гэтым тыдні, калі інфармацыя з’явілася ў мясцовых медыях. І адразу знайшліся ахвотныя яго адшукаць.

Размаўляем з шукальнікамі метэарыту:

– Што вы шукаеце?

– Рэшткі метэарыту.

– І як вынікі?

– Пакуль нічога не знайшлі, слядоў, крупін метэарыту не знайшлі.

«Па вялікім рахунку я раблю гэта першы раз у жыцці, бо ў сталым узросце, чаму не? У мяне ў жонкі дзень нараджэння, можа, я б ёй з нябёсаў нейкі б падарунак прынёс, у гэты дзень таксама падарыў».

Зону верагоднага падзення метэарыту вызначылі навукоўцы з Польскай лабараторыі каметаў і метэораў, гэта каля дзесяці вёсак у Пружанскім і Бярозаўскім раёнах, але ў некаторых з іх мы не знайшлі не толькі сляды падзення метэарыту, але і людзей. А ў адной з вёсак пабачылі магчымыя наступствы падзення.

У вёсцы Смаляны дзіўныя сляды на дарозе, магчыма, тут падаў метэарыт. Або гэта недапрацоўка дарожных службаў. У іншых вёсках мясцовыя жыхары або не чулі нічога пра метэарыт, або толькі чыталі пра яго. Але лічаць, што яго варта шукаць. Жыхары Пружаншчыны адказваюць:

– Там учора хтосьці хадзіў, рыўся ў зямлі.

– А вы самі не шукалі?

– Не, я стары чалавек.

«Я не аматар гэтай справы, я лепш грыбы збіраю».

«Чула такое, у газетах чытала, трэба знайсці, і дапамогі вам божай».

За дзень пошуку мы не знайшлі нават маленькага кавалачка метэарыту, але мы абавязкова паспрабуем яшчэ, і, можа, тады пашанцуе.

Алесь Ляўчук, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары