Аб'ектыў 05.03.2018 Польская зборная сенсацыйна перамагла на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы


Лёгкая атлетыка

Бліскучым заканчэннем 17-га чэмпіянату свету па лёгкай атлетыцы пад дахам у англійскім Бэрмінгэме, дзе Беларусь, як вядома, засталася без узнагародаў, стаўся сенсацыйны выступ мужчынскай зборнай Польшчы, якая не проста перамагла квартэт ЗША ў эстафеце 4 па 400 метраў, але і зрабіла гэта з найлепшым вынікам на планеце. Імёны герояў – Караль Залеўскі, Рафал Амэлько, Лукаш Краўчук, Якуб Кшэвіна.

Гандбол

Берасцейскі гандбольны клуб у 1/8-ай фіналу Лігі чэмпіёнаў згуляе супраць «Нанту» з Францыі. І першы матч, 24-га сакавіка, давядзецца правесці на сваёй пляцоўцы. Нагадаю: берасцейцы яшчэ не міналі ў сваёй гісторыі стартавага раўнду плэй-оф. А вось менскаму СКА не тое што 1/8-ая Лігі чэмпіёнаў, яму б дацягнуцца да 16-ці наймацнейшых Кубка ЕГФ, спадзяванні на што захаваў, перагуляўшы ўдома дацкі «Б’ерынгбро-Сількеборг».

Баскетбол

Перад вочным супрацьстаяннем у Адзінай лізе ВТБ казахстанская «Астана» і менскія «Цмокі» мелі ідэнтычныя паказнікі, здабыўшы па чатыры перамогі ды займаючы 10-ае – 11-ае месцы. Пасля поспеху казахстанскай каманды яна ўзнялася ў зону плэй-оф, «Цмокі» ад яе аддаліліся. Галоўны трэнер менчукоў Аляксандр Круцікаў ці не першы раз за час сваёй працы ў Менску быў такі лаканічны: «У другой палове мы выглядалі слаба. Заслужаная перамога «Астаны».

Алесь Пуціла, «Белсат», фота: Hannah McKay / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары