Польшча заступілася за рэпрэсаваных беларусаў


Дыялог з афіцыйным Бруселем неабходна працягваць – распавядаў Лукашэнка спавяшчальніку аб Беларусі Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Андрэа Рыгоні ў той самы час, пакуль людзі ў цывільным затрымлівалі грамадскіх і палітычных актывістаў. У Варшаве ж польскія парламентарыі пасля сустрэчы з беларускаю апазіцыяй і заклікалі прыпыніць хвалю рэпрэсіяў.

«Лібералізацыя» скончылася, бо «Мы яшчэ надта маладыя»

Абмен усмешкамі і ўпэўненасцю ў перспектывах двухбаковага дыялогу. Гэтак у скароце можна падсумаваць сустрэчу Лукашэнкі са спавяшчальнікам Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы па Беларусі Андрэа Рыгоні.

Пакуль высокі госць і кіраўнік Беларусі амбеньваліся ўсмешкамі, людзі ў цывільным затрымлівалі грамадскіх актывістаў. Лукашэнка сваеасаблівым чынам патлумачыў супярэчнасці ў беларускім і еўрапейскім бачанні дэмакратыі.

«Мы яшчэ надта маладыя, каб працаваць на вашым узроўні. Гэта па-першае, а па-другое трэба разумець, што ў кожнай дзяржавы ёсць свая спецыфіка, таму ўсе пытанні палітыкі, дыпламатыі, дэмакратыі, трэба ўсё-такі прапускаць праз тую спецыфіку, дзе знаходзіцца тая, ці іншая краіна», – апраўдваўся кіраўнік Беларусь.

Варшава сустрэла словы Лукашэнкі з недаверам

Хаця сам Андрэа Рыгоні не пракаментаваў тлумачэнні кіраўніка Беларусі, афіцыйная Варшава сустрэла такія словы з недаверам. Паводле прадстаўнікоў міжпартыйнай камісіі сейму, што сёння сустракаліся з лідарамі беларускай апазіцыі, Лукашэнка сам замінае дыялогу з Захадам

«Спадар Лукашэнка дзее, як звычайны дыктатар. З аднаго боку яму важна ўтрымаць уласную пазіцыю. Ён намагаецца гуляць паміж Расеяй і Еўразвязам, а з іншага боку – проста баіцца ўласнага народу. Ён не чакаў такіх масавых выступленняў, і гэта адлюстроўваецца ў ягоных дзеяннях. Як з гэтага выйдзе – пабачым найбліжэйшымі днямі», – зазначыла Малгажата Гасеўска, намесніца старшыні Камісіі замежных справаў Польшчы.

Апошняе польскае папярэджанне

Камісія Сейму фактычна дала шанец беларускім уладам выправіць сітуацыю і не дапусціць да пашырэння ціску на дэмакратычную супольнасць. Дэпутаты падкрэслілі, што Брусель заўсёды глядзеў на Менск вачамі Варшавы і ў Польшчы паабяцалі звярнуць надзвычайную ўвагу на падзеі бліжэйшых дзён і перадусім акцыі ў Дзень Волі 25 сакавіка

«Камісія адзінагалосна прыняла становішча датычна сітуацыі ў Беларусі. Мы патрабуем у ім неадкладнага вызвалення ўсіх арыштаваных, кажам таксама пра тое, што польскі ўрад павінен павялічыць сваю актыўнасць дзеля падтрымання гэтых асобаў і дзеля падтрымання вольных медыяў, у тым ліку і для тэлебачання Белсат. Для ўсіх тых, хто сёння ў Беларусі змагаецца за дэмакратыю», – сказаў «Белсату» Робэрт Тышкевіч, старшыня камісіі па справам Беларусі.

Эксперты: усё новае – добра забытае старое

Шэраг беларускіх адмыслоўцаў яшчэ з самога пачатку гэтак званай лібералізацыі беларускіх уладаў прадказваў, што тое ненадоўга. Менск ужо выпускаў палітвязняў і прымаў высокіх еўрапейскіх чыноўнікаў, гучалі заявы пра дыялог з Бруселем, а скончылася ўсё брутальным разгонам паслявыбарчых пратэстаў у 2010-м.

«Цяперашні палітычны рэжым – для яго жыццё ва ўмовах лібералізацыі – анамальнае. Ён праз сілу вытрымлівае гэтую схему, выключна з-за нейкіх вонкавых прычынаў, ён шукае любую нагоду, каб вярнуцца да звыклай практыкі рэпрэсіяў ціску на грамадскую супольнасць», – патлумачыў палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Зноў санкцыі?

Улады, падаецца самыя падківаюць дровы ў агонь сацыяльнага пратэсту. З’яўленне дэкрэту аб дармаедстве, пасля нядаўняе зняпраўджанне ягонага прыпынення самым Лукашэнкам, наўрадці супакоіць абураных людзей.

На гэты момант невядомыя ў цывільнымі, якія ўламываюцца ў кватэры актывістаў і затрымліваюць людзей на вуліцах яшчэ больш напружваюць сітуацыю. Калі гэтыя ж невядомыя будуць дзеяць і на Дні Волі, то Еўразвяз можа зарэагаваць мацней, за выказванні занепакаення.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»