Польшча – лідар... у яхтах


Летні адпачынак, шыкоўныя яхты, сіла ветру і марскія хвалі. Выстава «Вецер і вада-2019» прыцягвае аматараў у порт балтыйскага мора ў польскім горадзе Гдыня. Незабыўныя уражанні атрымалі ды зрабілі свой унёсак у развіццё яхт-індустрыі таксама і беларусы.

Самыя прыгожыя ветразевыя і маторныя яхты, водныя скутары і сучаснае паруснае абсталяванне гэтымі днямі выстаўляліся ў гдыньскім порце.

Польшча – лідар вытворчасці яхтаў у Еўразвязе і буйны гулец у будаўніцтве сусветнай яхт-індустрыі. Пол Флэнэры, Міжнародная асацыяцыя яхтавых брокераў:

«Адна з рэчаў, якімі яны авалодалі, – гэта тэхналогіі. Магчымасці палякаў ды іхная адметнасць – будаўніцтва яхтаў з выкарыстаннем армаванага валакном пластыку – добра ацэненыя».

На выставе яхты коштам ад мільёну еўраў да 35 мільёнаў! Сэбаст’ян Нетупскі, прэзідэнт «POLBOAT»:

«Чым большая яхта, тым яна даражэйшая аўтаматычна. Гэта дае прыбытак. Па-другое, расце колькасць лодак, і па-трэцяе, лепшае абсталяванне для іх».

Краіна нарошчвае экспарт яхтаў у краіны Еўразвязу, хоць і не без складанасцяў. Філіп Скот, прэзідэнт «PARKER»:

«Нам усё больш і больш складана знайсці людзей. Таму шматлікія судаверфі вымушаныя шукаць замежную сілу – украінцаў, беларусаў. Але ёсць складанасці, цяганіна з іх найманнем».

Але пазмагацца за працаўнікоў варта. Паводле апошняй справаздачы «Еўрастату», каля 60 % ад кошту кожнай экспартаванай у Еўразвяз польскай яхты застаецца на Радзіме.

Юлія Цяльпук, belsat.eu